Сумесныя вучэнні беларускіх і расейскіх дэсантнікаў пройдуць 14-27 сакавіка



Батальённыя тактычныя вучэнні беларускіх і расейскіх дэсантнікаў пройдуць 14—27 сакавіка на палігоне Асіповіцкі (Магілёўская вобласць), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Да манеўраў прыцягнуць асабісты склад 357-га асобнага гвардзейскага парашутна-дэсантнага батальёна 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады (Віцебск), а таксама каля ста вайскоўцаў 234-га дэсантна-штурмавога палка 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі Паветрана-дэсантных войскаў УС РФ (Пскоў).

„Вайскоўцы адпрацуюць падрыхтоўку і вядзенне спецыяльных дзеянняў узмоцненым парашутна-дэсантным батальёнам”, — адзначылі ў ваенным ведамстве.

Вучэнні пройдуць у тры этапы. Аб’яднаны парашутна-дэсантны батальён „адпрацуе пытанні па вядзенні спецыяльных дзеянняў, пераадоленні воднай перашкоды з далейшым выхадам на этапы баявой стральбы днём і ноччу”.

У Мінабароны нагадалі, што гэтыя вучэнні прадугледжаныя планам супрацоўніцтва паміж ваеннымі ведамствамі Беларусі і Расеі на 2021 год.

Як паведамлялася раней, 9—20 сакавіка на палігоне Паліўна 31-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады (Ульянаўск, РФ) праходзяць сумесныя беларуска-расейскія батальённыя тактычныя вучэнні з удзелам узмоцненай дэсантна-штурмавой роты 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады сіл спецаперацый УС Беларусі (Берасце).

Актыўная фаза вучэнняў, якія прысвечаныя міратворчай тэматыцы, пройдзе з 16 па 19 сакавіка.

belapan.by