Супраць каго будзе накіраваны пяты пакет санкцый?



Пяты пакет санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі будзе накіраваны найперш супраць асоб і кампаній, адказных за перапраўку мігрантаў з краін Блізкага Усходу і Афрыкі ў ЕЗ праз тэрыторыю Беларусі.

Амбасадар Еўразвяза ў Беларусі Дзірк Шубель заявіў пра гэта ў аўторак, 26 кастрычніка, выступаючы ў Брусэлі на слуханнях у камітэце Еўрапарламента па замежных справах, паведамляе DW.

Дыпламат падкрэсліў, што заклікі ЕЗ да ўладаў Беларусі застаюцца нязменнымі: вызваленне палітзняволеных, спыненне рэпрэсій і новыя выбары. „На жаль, усе нашы заклікі засталіся непачутымі. Таму мы цяпер рыхтуем пяты пакет санкцый, які, хутчэй за ўсё, засяродзіцца ў першую чаргу на пытанні міграцыі, але не толькі”, – адзначыў Шубель.

„Самая важная тэма – гэта сітуацыя з правамі чалавека. Многія з нас сёння гавораць аб міграцыі, якая сапраўды з’яўляецца вялікай праблемай, асабліва для трох краін ЕЗ, суседніх з Беларуссю. Але мы не павінны забываць, што найбольшая наша праблема – сітуацыя з правамі чалавека ў самой Беларусі, таму што ад яе пакутуюць людзі”, – заявіў Шубель.