Супраць лідара АГП Мікалая Казлова завялі крымінальную справу



У адносінах да лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра Каардынацыйнай рады, падпалкоўніка міліцыі ў запасе Мікалая Казлова завялі крымінальную справу.

Як расказалі ў прэсавай службе АГП, палітыка абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 407 (наўмыснае разгалошванне дадзеных дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння).Санкцыя прадугледжвае ад штрафу да 3 гадоў пазбаўлення волі. Пра завядзенне гэтай крымінальнай справы Мікалаю Казлову паведаміў ягоны адвакат. Справу завёў СК па Менскай вобласці з ініцыятывы цэнтральнага апарату СК.

У Следчым камітэце падчас допытаў летась 30 снежня, а таксама 5 і 11 студзеня ў якасці сведкі ў межах крымінальнай справы па факце стварэння Каардынацыйнай рады Мікалай Казлоў адмовіўся даць падпіску аб неразгалошванні. Па факце трэцяй адмовы ад падпіскі аб неразгалошванні Мікалай Казлоў павінен быў з’явіцца для дачы тлумачэнняў у Партызанскі РУУС Менску 1 сакавіка. Аднак адтуль яго адправілі ў ЦІП на Акрэсціна. 4 сакавіка яго вызвалілі.

Беларускае Радыё Рацыя