Супраць Паўла Латушкі пачалі чарговую крымінальную справу
У Беларусі на апазіцыйнага дзеяча Паўла Латушку завялі чарговую крымінальную справу. Гэтым разам заяўляецца пра „злачынства”, здзейсненае ім падчас працы на пасадзе міністра культуры. Справу пачала Генпракуратура Рэспублікі Беларусь. Латушку інкрымінуецца „здзяйсненне злачынства супраць службы” — „перавышэнне службовых паўнамоцтваў”. Па ёй прадугледжана пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Павел Латушка быў міністрам культуры ў 2009-2012 гадах. З 2020 года жыве за мяжой, з’яўляецца кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У кастрычніку 2021-га Следчы камітэт Беларусі пачаў справу „аб самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы”. Па ёй разам з Паўлам Латушкам праходзіць і Святлана Ціханоўская, а ў красавіку іх унеслі ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.