Супрацоўнікі КДК прыязджалі да штаба Валерыя Цапкалы, але затым з’ехалі
Супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю прыязджалі да штаба прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, былога кіраўніка Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы, але затым з’ехалі.
Пра гэта БелаПАН паведаміў прадстаўнік выбарчага штаба Аляксей Урбан.
Раніцай 11 чэрвеня ў СМІ з’явілася інфармацыя, што каля дома Цапкалы дзяжураць супрацоўнікі КДК. Урбан нічога не змог сказаць з гэтай нагоды, бо каля дома Цапкалы яго не было. „Я паведамляў хвілін 20 таму, што супрацоўнікі ў форме знаходзяцца каля штаба. Цяпер іх там ужо няма. Усё спакойна. Валерый Цапкала едзе туды”, — расказаў прадстаўнік штаба.
Нагадаем, цяпер праходзіць вобшук у менскім офісе „Белгазпрамбанка”, былы кіраўнік якога Віктар Бабарыка таксама прэтэндуе на пасаду прэзідэнта. Як паведамілі БелаПАН у КДК, вобшук праходзіць у межах крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. Справа распачатая па ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры). „У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, а таксама былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сістэмы. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні”, — сказаў прэс-сакратар Камітэта дзяржкантролю Кірыл Данілаў.
На ўдакладняльнае пытанне, ці праходзіць па гэтай справе былы старшыня „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, Данілаў адказаў: „Гэта асоба цяпер у рамках расследавання крымінальнай справы працэсуальнага статусу не мае”.
Напярэдадні вобшуку, 10 чэрвеня, на нарадзе па актуальных грамадска-палітычных пытаннях Лукашэнка даручыў праверыць прыватныя кампаніі, якія ў апошнія тры месяцы звольнілі работнікаў, у тым ліку тых, „хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў”. Ён даручыў выпрацаваць схему з генеральным пракурорам, падключыць Камітэт дзяржаўнага кантролю, следчыя органы і „прашарсціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны неслі адказнасць за людзей”. „Што за сістэма? На Гоа, Канары і яшчэ нейкія астравы ў іх ёсць грошы ехаць. А людзям нармальны заробак заплаціць — не могуць, а яшчэ з працы выганяюць. У нашай краіне гэтага быць не павінна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты завяршаецца 19 чэрвеня.
Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка паведамілі, што ўжо сабралі неабходны мінімум для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты — 100 тысяч подпісаў. За вылучэнне Валерыя Цапкалы, паводле апошніх дадзеных, сабрана 119 тысяч, за Віктара Бабарыку — больш за 230 тысяч подпісаў.
belapan.by