Супярэчнасці паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой ізноў нарастаюць



Найперш раздражнёнасць і незадаваленасць бакоў прарываюцца ў інфармацыйнай прасторы.

Пра іх прычыны і наступствы разважае кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў:

– Стасункі Беларусі і Расеі толькі візуальна падаюцца як добрыя. Але на самой справе там заўсёды ёсць шмат нацягнутасці і падводных камянёў. Пасля закрыцця “Комсомольской правды” у Беларусі, я думаю, што гэтыя ўзаемаадносіны ў нейкай ступені выглядаюць як наступ Беларусі на расейскія інтарэсы. І гэтае пытанне для Расеі з’яўляецца іміджавым. Таму што СМІ Беларусі, афіцыйныя ўлады яны ў нейкай ступені мацаюць, наколькі далёка яны могуць зайсці ў дадзеным пытанні стасункаў з Расеяй. Сёння, напрыклад, закрылі “Комсомольскую правду” і чакаюць рэакцыі. Заўтра, напрыклад, яны могуць закрыць “Спутник”. Таму што ніякай сур’ёзнай рэакцыі на гэта не было. І такое ўражанне, што яны мацаюць берагі дазволенага. Дзе мяжа таго, калі пойдзе рэакцыя з боку Расеі больш сур’ёзная, а не такая, фармальная, з боку Пяскова ці Захаравай? З іншага боку, гэта можа быць сігналам таго, што мы нечага не ведаем. І гэта ў нейкай ступені якраз рэакцыя на тое, чаго мы яшчэ не ведаем.

РР: Магчыма, гэта незадаволенасць Расеі сцэнаром правядзення Канстытуцыйнага рэферэндума, якога яна калісьці патрабавала ад Лукашэнкі?

Ігар Барысаў: Гэты сцэнар на дадзены момант, я мяркую, рухнуў. І ён вельмі кантралюемы з боку ўлады. Таму што мы бачым і з’яўленне новага міністра юстыцыі. Я мяркую, што ён будзе не толькі працягваць тую палітыку, якую праводзіў яго папярэднік, але можа і больш аператыўна, больш хутка прымаць патрэбныя для ўладаў рашэнні. Вельмі праўдападобна, што рэферэндум будзе. Які варыянт Канстытуцыі на ім будзе разглядацца, гэта пытанне. Не выключаю, што той варыянт, які прапануе ўлада Беларусі, не задавальняе Расею. Альбо яны там не знаходзяць для сябе дадатковых механізмаў уздеяння на працэс прыняцця рашэнняў, альбо абсалютна не ўлічваюцца расейскія інтарэсы. Таму такая падобная рэакцыя можа быць зроблена, каб справакаваць чарговы канфлікт і ў тым ліку пасунуць тэрміны правядзення канстытуцыйнай рэформы праз адсутнасць дамоваў, узгодненасці паміж двума бакамі.

Але да больш сур’ёзных канфліктаў сітуацыя не дойдзе, – мяркуе старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя