Сурыкаў: Расея лічыць Беларусь сваім саюзнікам і суверэннай дзяржавай
Расея лічыць Беларусь сваім „стратэгічным братнім саюзнікам” і суверэннай дзяржавай, якая праводзяць незалежную знешнюю палітыку, заявіў пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 8 чэрвеня ў Менску.
Дыпламат падкрэсліў, што „насуперак некаторым пустым здагадкам”, Расейская Федэрацыя „ўхваляе прыкметы паляпшэння адносін нашых беларускіх сяброў з заходнімі партнёрамі”.
Ён адзначыў, што Беларусь і Расея традыцыйна цесна супрацоўнічаюць па знешнепалітычнай лініі. Паводле яго слоў, практычна па ўсіх актуальных праблемах сусветнага парадку дня „можна канстатаваць супадзенне пазіцый, у тым ліку ў ходзе абмеркавання на розных міжнародных пляцоўках, перш за ўсё ААН і АБСЕ”. Сярод такіх праблем Сурыкаў назваў „пытанні раззбраення і нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння, барацьбу са спробай гераізацыі нацызму і фальсіфікацыі гісторыі, абарону традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, процідзеянне гандлю людзьмі і незаконнаму распаўсюджванню наркотыкаў”.
„Праца ідзе сістэмна ў адпаведнасці з рэгулярна абнаўлянымі планамі і ўзгодненымі дзеяннямі ў сферы знешняй палітыкі, якія штогод разглядаюцца на сумесных пасяджэннях калегій МЗС Расіі і Беларусі. Многія пытанні атрымліваецца узгадняць і падчас рэгулярных кансультацый паміж МЗС на ўзроўні профільных падраздзяленняў міністэрстваў замежных спраў, яны таксама праходзяць у планавым парадку”, — падкрэсліў дыпламат.
Пасол таксама адзначыў, што ў абстаноўцы „ўзмацнення ваеннай пагрозы ў рэгіёне” і „нарошчвання ля межаў ваеннага кантынгенту НАТА” Расея вельмі шануе „выяўляецца ва ўнісон заклапочанасці Менска ў тым, што неправамернае нагнятанне ваеннай істэрыі можа ў канчатковым выніку прывесці да сур’ёзных ваенна-палітычных ускладненняў”.
Паводле яго слоў, расейская дзяржава падтрымлівае ініцыятыву кіраўніцтва Беларусі, накіраваную на „разрадку сітуацыі, стварэнне ўмоў для сур’ёзнага дыялогу па праблемах бяспекі і стабільнасці для ўсіх еўрапейцаў, а таксама жыхароў іншых рэгіёнаў свету”.
„У тым ліку гэта датычыцца ініцыявання працэсу „Хельсінкі-2″. Галоўнае ў тым, каб усе магчымыя ўдзельнікі дыскусіі маглі падчас падрыхтоўчага этапу ў прынцыповым плане сысціся ў меркаваннях па фундаментальных пытаннях сусветнага парадку дня”, — заявіў Сурыкаў.