Лідары апазіцыі сустрэліся з 16 еўрапейскімі дыпламатамі
Кіраўнікі беларускіх апазіцыйных партый і грамадскіх арганізацый на сустрэчы з амбасадарамі з 16 краінаў Еўразвязу абмеркавалі шэраг пытанняў. Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі апазіцыі сфармулявалі прапанову стварыць міжнародную кааліцыю, у якую б вайшлі прыхільнікі пераменаў у Беларусі, розныя міжнародныя арганізацыі, кам дамагчыся правядзення свабодных і сумленных выбараў.
– Гэта тое, што называецца вырашэннем беларускай праблемы. Калі не дабіцца гэтага, то мы будзем хадзіць па замкнёным коле. Канешне, за паўтары гадзіны абмяркоўваліся і іншыя пытанні, у тым ліку пытанне прэзідэнцкай кампаніі: чаго можна чакаць, якім мог бы быць дыялог паміж Бруселем і Менскам.
Была дасягнута дамоўленасць, што такія сустрэчы патрэбныя і надалей. „Як мінімум яны даюць магчымасць атрымаць інфармацыю з першых вуснаў. І ў гэтым ёсць карысць,” – падсумаваў Анатоль Лябедзька.
* * *
Паводле сустаршыні аргкамітэту па стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца, за апошнія чатыры гады, гэта першая сустрэча такога фармату. Яна працягвалася прыкладна паўтары гадзіны.
У прыватнасці, былі абмеркаваны пытанні палітычных зняволеных і будучых прэзідэнцкіх выбараў:
– Еўрапейскіх амбасадараў цікавіць становішча з рэпрэсіямі, палітвязнямі. Канкрэтна – пытанне Паўла Вінаградва, Юрыя Рубцова, пытанне сямі палітычных вязняў. Еўрапейцаў цікавіла сітуацыя перад выбарам 2015 года. Адзначалася, што якая апазіцыя і што яна робіць, – гэта ўнутраная справа Беларусі. Але тое, што апазіцыя павінна быць, і супраць яе не павінны ўжывацца незаконныя спосабы – у гэтым інтарэс Еўропы, безумоўна.
Паводле Паўла Севярынца, прадстаўнікі апазіцыі выказалі дастаткова кансалідаваную пазіцыю па ўсіх пытаннях. Сам палітык закрануў тэму палітычных вязняў і падрыхтоўкі Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
З беларускага боку ў сустрэчы таксама ўдзельнічалі Аляксандр Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў і Сяргей Калякін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя