Сустрэча Лукашэнкі з Пуціным можа адбыцца 21 верасня
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна можа адбыцца 21 верасня. Папярэдняя дамоўленасць аб гэтым была дасягнутая 30 жніўня падчас тэлефоннай размовы кіраўнікоў дзяржаў. Размова адбылася па ініцыятыве расейскага боку, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.
Як вынікае з паведамлення, Лукашэнка з Пуціным „працягнулі абмеркаванне актуальных пытанняў беларуска-расійскага супрацоўніцтва і графіка маючых адбыцца кантактаў”. У прыватнасці, прэзідэнты пацвердзілі неабходнасць правядзення сустрэчы з удзелам кіраўніцтва ўрадаў, дамоўленасць пра якую была дасягнутая на мінулым тыдні ў Сочы. Плануецца, што ў перамовах возьмуць удзел прэм’ер-міністры дзвюх краін, віцэ-прэм’еры, якія адказваюць за нафтагазавы комплекс і сельскую гаспадарку, міністры фінансаў. Лукашэнка даручыў прэм’ер-міністру Сяргею Румасу і адпаведным членам урада падрыхтаваць усё неабходнае для сустрэчы на вышэйшым узроўні.
Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 22 жніўня ў Сочы. Праз некалькі дзён беларускі кіраўнік паведаміў у эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1”, што найбліжэйшым часам адбудзецца яго сустрэча з Пуціным у пашыраным складзе. „Самае важнае, што мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што літаральна ў найбліжэйшыя некалькі дзён мы знойдзем вольны час у сваіх графіках (асабліва ў яго, паколькі я ўзяў паўзу, а ў яго вельмі напружаны графік). Пасля яго візітаў па рэгіёнах мы сустрэнемся. Гэта была яго прапанова”, — сказаў Лукашэнка. БелаПАН