Слонімцы з усіх вуліц спяшаліся на сустрэчу са Святланай Ціханоўскай (абноўлена)



У суботу, 1 жніўня, у Слоніме адбылося самае масавае дэмакратычнае свята за апошнія 25 гадоў. На сустрэчу з кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланай Ціханоўскай спяшаліся гараджане з усіх вуліц горада: хто пяшком, хто на машыне, а хто на гарадскім транспарце.

За гадзіну да сустрэчы са Святланай і яе калегамі сотні людзей рухаліся да забытага і запушчанага гарадскога стадыёна «Дынама», які не бачыў столькі слонімцаў за ўсю сваю гісторыю існавання. Каля турнікетаў міліцыя не паспявала прапускаць людзей, бо яны ішлі і ішлі і да сустрэчы, і падчас сустрэчы.

Шчыра віталі Святлану Ціханоўскую і яе сябровак апладысментамі, сцяжкамі і сцягамі, воклікамі: «Жыве, Беларусь!». А нехта са слонімцаў нават падараваў ёй вялікую шакаладку з надпісам «Прэзідэнт».

Па папярэдніх падліках на сустрэчу ў кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай прыйшлі каля 3000 чалавек.

Альжбета Руніцкая, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара

***

Пасля наведвання Гародні і Ваўкавыска Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава 1 жніўня завіталі ў Слонім.