Гарадзенцы ў чаканні пераменаў (абноўлена)



Гарадзенская акцыя ў падтрымку Святланы Ціханоўскай сабрала каля 12 тысяч чалавек. Для горада гэта была адна з самых вялікіх акцый, на якую прыйшло столькі людзей за апошнія 10 год. Шматлікія людзі прыйшлі на сустрэчу, бо прагнуць пераменаў у грамадстве.

Кажуць гарадзенцы, якія прыйшлі на сустрэчу:

–  Мы за перамены, за новага прэзідэнта, за Святлану Ціханоўскую.

РР: Вы думаеце 9 жніўня нешта зменіцца ў нашай краіне?

– Спадзяёмся, але будзем змагацца да перамогі.

– Я вельмі веру і спадзяюся на тое, што ўсё зменіцца, таму што надакучыла. У гэты раз неяк усё па-іншаму, не так, як на папярэдніх выбарах. І я думаю, што мы ўсё ж такі пераможам.

– Я лічу, што ўжо ўсё змянілася, ніколі не было столькі людзей у мінулыя гады. Нас большасць, і ўсё больш людзей не баяцца выходзіць на вуліцы. 

РР: А ці зменіцца што сёлета?

 – Усё  зрушылася, і гэта ўжо дакладна. А колькі часу яшчэ спатрэбіцца, сказаць складана. Я спадзяюся. што ў самы бліжэйшы час.

У гарадзенскі Каложскі парк, каб сустрэцца са Святланай Ціханоўскай некаторыя прыходзілі нават сем’ямі, дзе разам у цішотках з сімваламі аб’яднанай каманды былі і дзеці, і прадстаўнікі сярэдняга пакалення.

Вось як пракаментавалі свой удзел у мітынгу прадстаўнікі адной з такіх сем’яў:

– Галоўнае тое, што мы перастаем баяцца. А пакінуўшы боязь, мы яднаемся. І ў гэтым бачым наш і сэнс, і шанец, і надзею на перамогу.

– Нам было цікава адчуць яднанне людзей, самае галоўнае – гэта адзінства, нам пад сілу зрабіць тое, што мы жадаем.

РР: Як вы лічыце, пасля 9 жніўня нешта зменіцца ў краіне?

– Думаю, што так.

– Я лічу, што беларусы да зменаў гатовыя, але вельмі важна, каб яны былі яшчэ гатовыя і абараняць свой голас, бо гэта ж ні для каго не сакрэт, што вынікі галасавання будуць сфальшаванымі. І вось як сябе будуць паводзіць беларусы пасля, ад гэтага залежыць далейшы лёс і нацыі, і краіны.

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава стараліся выступаць перад гарадзенцамі па- беларуску. Сустрэча ў Каложскім парку цягнулася прыкладна 2 гадзіны, а сярод выступоўцаў апроч дзяўчат – прадстаўнікоў аб’яднанага штаба былі яшчэ музыкі і кіраўніца спартовага комплексу «Нёман», які некалькі дзён таму выйшаў з дзяржаўнага прафсаюза.

Напрыканцы сустрэчы гучалі «Муры» па-беларуску, а таксама яшчэ некалькі твораў Змітра Вайцюшкевіча.

Беларускае Радыё Рацыя

***

Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, а таксама Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала 1 жніўня правялі сваю чарговую сустрэчу – гэтым разам у Гародні.

На мітынгу прысутнічала каля 12 тысяч гарадзенцаў. 

 

Фота Якуба Сушчынскага, Сяргея Апановіча і Ладзіка Майніча, Радыё Рацыя.

Яна пачнецца а 12-й гадзіне ў Каложскім парку.

Сёння Святлана Ціханоўская таксама наведае Ваўкавыск (сустрэча прызначаная на 15.30 на аўтастаянцы на набярэжнай па вуліцы Маркса) і Слонім (19.00, стадыён «Дынама»).

Беларускае Радыё Рацыя