Сустрэча з Ціханоўскай у Віцебску – „як глыток свабоды”



Кандыдат на пасаду прэзідэнта 24-га ліпеня наведала тры гарады — Глыбокае, Наваполацк і Віцебск. Апошняя сустрэча была самай шматлюднай: ад 8-мі да 10-ці тысяч чалавек паводле меркаванняў удзельнікаў і журналістаў.

Усе тры сустрэчы прайшлі па падобным сцэнары – следам за Святланай Ціханоўскай выступалі Марыя Калеснікава, кіраўніца штаба Віктара Бабарыкі, і жонка Валерыя Цапкалы, незарэгістраванага прэтэндэнта на ўдзел у выбарах, Вераніка Цапкала. Аб’яднанне трох штабоў дзеля падтрымкі Святланы Ціханоўскай было слушным рашэннем, падзяліўся сваім меркаваннем наведнік сустрэчы:

-Выдатна, што аб’ядналіся! Вельмі моцны штаб у Бабарыкі, вельмі моцны штаб у Цапкалы. А Светачка – натуральна, мы за яе перашываем і спадзяемся, што будзе “стоп таракан”! Усё, пад лаўку! Як ён любіў казаць, “каб сядзеў, як мыш пад венікам”, да суду ў Гаазе. Гэта наша мара!

Мітынг у межах агітацыйнай кампаніі Святланы Ціханоўскай праходзіў на самай ускраіне Віцебска, у Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Гэта нязручнае для масавых мерапрыемстваў месца, і ў звычайныя дні там практычна няма людзей. Але прыезд жанчын- актывістак ператварыў гэты сумны куток у прастору свабоды: паўсюль луналі бел-чырвона-белыя сцягі, шмат людзей апранулі майкі з беларускай сімволікай, на руках у некаторых былі белыя стужкі – адзнака нязгоды з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, або бел-чырвона-белыя бранзалеты. Пра адчуванне свабоды казалі і многія ўдзельнікі сустрэчы:

– Ніхто нікога не прымушаў, ніхто нікому не плаціў за тое, каб мы прыйшлі сюды. Нас уразіла колькасць людзей, уразіла іх прыгажосць, іх шчаслівыя твары ў чаканні, у надзеі на перамены!

– Заўсёды мітынгі якімі былі? Нейкімі напружанымі. А тут – радасць. І Святлана – яна наша Жанна Д’Арк!

– Упершыню тут я зразумела, што такое пах і смак свабоды!Раней ён быў толькі ўнутры мяне. А зараз усё запоўнена гэтым пахам, гэтым смакам, гэтай прыгажосцю!

25-га ліпеня паездка Святланы Ціханоўскай па Віцебшчыне будзе працягвацца: а 12-й дня яна сустрэнецца з жыхарамі Воршы. Запланаваны і яшчэ шэраг агітацыйных мерапрыемстваў у райцэнтрах вобласці, але іх будуць праводзіць удзельнікі ініцыятыўнай групы кандыдаткі.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск