Сусветны Кангрэс Беларусаў з удзелам Ціханоўскай і Сурвіллы пройдзе анлайн 31 кастрычніка



Беларусаў склікаюць на сусветны кангрэс, які пройдзе анлайн 31 кастрычніка. Ён мусіць стаць платформай для абмеркавання актуальных праблем, распрацоўкі стратэгіі выхаду з крызісу, аднаўлення зносінаў паміж беларусамі ўсяго свету.

У тэлеграм-канале «Краіна для жыцця» пра падрыхтоўку Сусветнага кангрэса беларусаў абвесціў Аляксей Ерахавец, сакратар рады Беларусаў замежжа, каардынатар Святланы Ціханоўскай па сувязі з дыяспарай:

– Кангрэс адбудзецца 31 кастрычніка. Удзел у ім ужо пацвердзілі Святлана Ціханоўская, Івонка Сурвілла, Павел Латушка, Згуртаванне беларуаў Свету “Бацькаўшчына”. Асноўная мэта кангрэсу – прадэманстраваць самім сабе і ўсяму свету еднасць і салідарнасць беларусаў, незалежна ад месца нашага пражывання. Як мусіць праходзіць канстытуцыйная рэформа, як аднавіць эканоміку, як забяспечыць вяршынства права для усіх?

І такія пытанні абавязкова прагучаць на кангрэсе, кажуць яго арганізатары. Тут мяркуюць, што яго правядзенне ў анлайн-фармаце дазволіць сфармаваць некалькі тэматычных секцый, уключыць у праграму многіх аўтарытэтных прадстаўнікоў розных рухаў і ініцыятываў, палітычных і эканамічных аглядальнікаў, экспертаў у розных галінах, якія жывуць і працуюць па ўсім свеце.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя