Сусветны кангрэс беларусаў запатрабаваў сыходу Лукашэнкі



Улады Беларусі павінны спыніць гвалт і палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян. Такое патрабаванне ўтрымліваецца ў рэзалюцыі Сусветнага кангрэса беларусаў, які праходзіў з 31 кастрычніка па 1 лістапада ў анлайн-фармаце. Фінальная версія дакумента апублікаваная на сайце арганізатараў форуму — супольнасці прадстаўнікоў беларускіх дыяспар „Беларусы замежжа”.

Паводле інфармацыі арганізатараў, на працягу 25 гадзін за кангрэсам „назіралі, задавалі пытанні, абменьваліся думкамі і бралі ўдзел у апытаннях агульным лікам больш як 150 тысяч чалавек — беларускіх грамадзян і выхадцаў з Беларусі, якія пражываюць як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі ў больш чым 50 краінах свету”. На форуме выступіў 131 спікер, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, члены прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне.

Удзельнікі Сусветнага кангрэса беларусаў патрабуюць ад праваахоўных органаў пачаць расследаванне „забойстваў, катаванняў, гвалту і здзекаў, учыненых работнікамі МУС і дзяржаўнымі службоўцамі ў адносінах да мірных грамадзян”, а таксама вызваліць „усіх незаконна затрыманых і неправасудна асуджаных палітычных зняволеных”.

Ад судоў яны патрабуюць адмяніць „усе неправасудныя судовыя рашэнні ў дачыненні да грамадзян, якія скарысталіся сваім канстытуцыйным правам на мірны пратэст і забастоўку”, і прызначыць кампенсацыі ўсім пацярпелым ад гэтых рашэнняў.

Удзельнікі форуму патрабуюць ад Цэнтрвыбаркама прызнаць прэзідэнцкія выбары 9 жніўня несапраўднымі і прызначыць новыя выбары „з новым складам усіх выбарчых камісій, уключаючы ЦВК, са свабодным допускам незалежных назіральнікаў”.

Таксама яны патрабуюць, каб Аляксандр Лукашэнка „вызваліў незаконна займаную пасаду прэзідэнта”.

У рэзалюцыі заяўляецца, што Лукашэнка не з’яўляецца „законна абраным легітымным прэзідэнтам, не прадстаўляе народ Беларусі”, а ўзначалены ім палітычны рэжым з’яўляецца „аўтарытарным, злачынным, акупацыйным, заснаваным на тэроры і падаўленні канстытуцыйных правоў і свабод усіх жыхароў Рэспублікі Беларусь”.

Ціханоўская, на іх думку, — „лідар дэмакратычнай Беларусі”, а ўсе ствараныя з яе ініцыятывы структуры, у тым ліку КР, — „паўнамоцныя органы, якія прадстаўляюць увесь беларускі народ, уключаючы беларусаў замежжа”. „Народнае антыкрызіснае кіраванне, створанае з ініцыятывы члена прэзідыума КР Паўла Латушкі, з’яўляецца часовым грамадскім органам, які забяспечвае захаванне і падтрыманне функцый дзяржаўнага кіравання ў Рэспубліцы Беларусь да дэмакратычнага абрання беларускімі грамадзянамі новых органаў дзяржаўнага кіравання”, — гаворыцца ў дакуменце.

Удзельнікі форуму вырашылі, што Сусветнаму кангрэсу беларусаў будзе нададзены статус „пастаянна дзейнага міжнароднага прадстаўнічага органа ўсяго беларускага народа, уключаючы беларусаў замежжа”. Ён будзе склікацца рэгулярна і паслужыць пляцоўкай для „шырокай грамадскай дыскусіі, прыняцця рашэнняў па самых актуальных праблемах беларускага грамадства і для зносін і ўзаемадзеяння ўсіх беларусаў свету”.

Разам з тым удзельнікі кангрэса заявілі, што кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі „не з’яўляецца органам, які прадстаўляе беларусаў замежжа”, а яго старшыня міністр Уладзімір Макей „не мае даверу беларусаў і павінен неадкладна падаць у адстаўку”.

У рэзалюцыі таксама гаворыцца, што „беларускі народ выказвае недавер рэформе Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь, ініцыяванай Аляксандрам Лукашэнкам, і не прыме яе вынікі”.

Удзельнікі кангрэса заклікалі беларускі народ да „бестэрміновай агульнанацыянальнай забастоўкі аж да выканання дзейнай уладай усіх патрабаванняў”. Яны таксама заклікалі беларусаў не прызнаваць Усебеларускі народны сход і яго рашэнні, а яго патэнцыйных дэлегатаў — не браць у ім удзелу, бо, на іх думку, сход склікаецца „для сімуляцыі грамадскага дыялогу ва ўмовах палітычнага крызісу”.

Міжнароднай супольнасці, мяркуюць удзельнікі кангрэса, варта аб’яднаць намаганні для расследавання парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў улады супраць уласнага народа, эканамічных злачынстваў, якія парушаюць міжнародныя нормы і заканадаўства асобных дзяржаў.

Замежным урадам, нацыянальным і міжнародным структурам варта абвясціць вышук, знайсці і накласці арышт на замежную „маёмасць Лукашэнкі, членаў яго сям’і і яго атачэння, уключаючы банкаўскія рахункі, каштоўныя паперы і іншыя актывы, якія належаць ім наўпрост і праз падстаўных асоб, для наступнага іх вяртання ў Беларусь”.

Удзельнікі кангрэса таксама заклікалі расійскія ўлады не аказваць падтрымкі рэжыму Лукашэнкі, уключаючы фінансавую і сілавую дапамогу.

belapan.by