Суверэнітэт Беларусі можа апынуцца пад рэальнай пагрозай?



Дамовіліся пра далейшы дыялог. Так коратка можна падвесці вынікі пасяджэння Рады НАТА-Расея на ўзроўні прадстаўнікоў, якое прайшло ў Бруселі.

46413

Як пацвердзіў генеральны сакратар Альянсу  Енс Столтэнбэрг, НАТА ніколі не прызнае агрэсіўнай палітыкі Расеі ў дачыненні да Украіны ды анэксію Крыму. У сваю чаргу расейскі бок такая пастаноўка пытання – ніяк не задавальняе. У выніку бакі дамовіліся пра „далейшы дыялог” і спробу ўрэгулявання канфлікту ва Украіне мірным шляхам.

Эксперт-міжнароднік Андрэй Фёдараў, яшчэ перад пасяджэннем, пракаментаваў нашаму радыё, што не верыць у магчымасць таго, што на гэтым этапе бакі ўвогуле могуць дамовіцца пра нешта рэальнае:

66887FCF-6B93-4FE9-9B53-A47143B80C69_mw1024_s_n

Пакуль што цяжка ім будзе знайсці паразуменне, бо Расея ўсталёўвае дывізіі на сваёй заходняй мяжы, НАТА на сваёй усходняй мяжы – батальёны. Расея гэтага вельмі баіцца і адпаведна ставіцца да гэтага вельмі негатыўна. Не выключаю, што можа нейкія зрухі ў дачыненнях і адбудуцца, але ўвогуле гэта малаверагодна.

Днямі польскія медыя абляцеў відэазапіс, на якім расейская журналістка спрабуе дачапіцца да міністра абароны Польшчы Антонія Мацярэвіча. Журналістка патрабавала ў міністра каментара адносна яго выказванне, што „Расея – гэта галоўная пагроза міру”. Міністр адказаў безапелацыйна і станоўча:

І будзе так доўга, пакуль акупіруе незалежную дзяржаву Украіну. Расея – гэта адзіная на сёння дзяржава ў Еўропе, якая сваімі мілітарнымі дзеяннямі парушае еўрапейскі дабрабыт, мірнае існаванне. Расейскія войскі забіваюць людзей ва Украіне.

Гэтыя словы міністра Мацярэвіча выразна падкрэсліваюць і агульную пазіцыю НАТА адносна дачыненняў з Расеяй. Хоць у час варшаўскага саміту Альянсу, які прайшоў 8-9 ліпеня, эксперты заўважылі, што замест слова „агрэсія” ў выніковым дакуменце гаворыцца пра дзеянні Расеі, якія падрываюць міжнародны парадак, то бок рыторыка крыху змякчылася.

Павел Усаў

Палітолаг Павел Усаў кажа, што Беларусь так ці іначай таксама ўцягнута ў напружанасць на лініі НАТА-Расея:

Што тычыцца Беларусі, то яна ўвогуле не можа разглядацца ў гэтым супрацьстаянні як нейкі нейтральны суб’ект, увогуле як суб’ект геапалітыкі. І што б там кіраўніцтва, ад Макея – да Лукашэнкі, не заяўляла пра наладжванне стасункаў, дыялог з НАТА – ўсё гэта далей за дэкларацыі не зойдзе. Беларусь з’яўляецца чальцом АДКБ – Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, чальцом Саюзу з Расеяй…

Павел Усаў прагназуе, што, калі напружанне паміж Альянсам і афіцыйнай Масквой будзе надалей нарошчвацца, то гэта можа стаць рэальнай пагрозай нават для суверэнітэту Беларусі:

За супольнымі дэкларацыямі пра бяспеку і стабілізацыю сітуацыі хаваецца ні што іншае, як жаданне Расеі пазбіраць, анэксаваць тыя тэрыторыі, якія некалі належалі да расейскай імперыі, да Савецкага Саюзу. Безумоўна, пад гэты гоман, пад гэтыя дэкларатыўныя канфлікты, Расея будзе намагацца пашырыць сваю экспансію і фактычна цалкам прыбраць Беларусь да сваіх тэрыторыяў.

Павел Усаў звяртае ўвагу і на тое, што з часу пачатку ваеннай агрэсіі Расеі ва Украіне – Беларусь так нічога і не зрабіла дзеля таго, каб павысіць сваю абароназдольнасць.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.