Свае і не свае ў Беларусі і ва Украіне
Ведаю гісторыю пра беларускага афіцэра ў адстаўцы, якому заставалася пару гадоў жыцця праз невылечную хваробу. Той захацеў быць карысным і важнай гістарычнай справе, і звярнуўся да свайго былога калегі з просьбай уладкавацца ў ЗСУ. «Чаму ЗСУ? Унутры Беларусі колькі ворагаў!». – «Не магу ў сваіх страляць, а ў расейцаў магу».
Я прапаную паразважаць пра псіхалагічныя загародкі пад назвай «свае – не свае».
Паўтару свой тэзіс, што ад 2020 году беларусы ўступілі ў вайну. Дакладней, супраць нас пачалі вайну. Лукашэнка ведаў пра планаваны бліц-крыг Пуціна супраць Украіны, і пасіфікаваў для яго беларускі тыл.
Ведаю шмат людзей, якія і ў 2020 годзе, і цяпер, былі і ёсць гатовыя да акцыяў наўпроставага ўздзеяння супраць фактычна акупантаў, хай з тымі самымі пашпартамі сіняга колеру, што і ў астатніх беларусаў.
Я кажу пра людзей, якія ад пачатку Беларускай рэвалюцыі не верылі ў мірны спосаб перамогі. Таму на акцыі не хадзілі, бо чакалі калі грамадства зразумее, што Лукашэнка без крыві ўладу не аддасць. Таму, дарэчы, сёння іх карнікі вылічыць і не могуць.
У 2020 годзе мне пісалі некаторыя ўкраінскія знаёмыя, якія прайшлі «Украіну без Кучмы» 2001 году і два Майданы. Яны казалі, што беларусы паўтараюць іх памылку, калі разлічваюць на мірны варыянт.
Я адказваў, што на чужых памылках ніхто ніколі не вучыцца. Што беларусам трэба прайсці свой шлях, каб зразумець, ці больш дакладна, адчуць, пэўныя рэчы.
Справа ў тым, што на Еўрамайдане адбывалася Украінская нацыянальная рэвалюцыя. Не «рэвалюцыя годнасці», як прапанавалі ўкраінскія паліттэхнолагі пазней.
Спрошчана кажучы, украінцы перамагалі актыўных і пасіўных прыхільнікаў рускага міру – маларосаў. То бок – не сваіх.
Але грамадзянскай вайны ва Украіне не атрымалася, бо і ў «Беркуце» і ва ўнутраных войсках было намяшана «сваіх» і «і не сваіх». Таму перад вонкавай пагрозай з боку Расеі былыя праціўнікі пайшлі супраць агульнага ворага.
Выявілася, што Беларусь маналітная. Падчас Беларускай рэвалюцыі не тое што «цітушак» аганізаваць не атрымалася, а нават больш-менш масавы праўладны мітынг.
Таму мяжа свае – не свае пралягла між грамадствам і сілавым блокам.
А тых з сілавікоў, хто быў з Рэвалюцыяй, не хапіла, каб пераадолець гэтую мяжу.
Але па прыкладзе афіцэра, чые словы я прывёў на пачатку, мы бачым, што ведаючы пра катаванні на Акрэсціна і ў іншых засценках, афіцэр разумее, што і цяпер можа пацэліць у свайго ў пагонах Лукашэнкі, свайго, які пакуль не праявіўся.
А чалавек у пуцінскіх пагонах апрыёры сваім быць не можа.
Беларускае Радыё Рацыя