Сваякі Красоўскага і Завадскага падалі хадайніцтва аб аднаўленні папярэдняга следства
Святлана Завадская і Ірына Красоўская падалі хадайніцтва ў Следчы камітэт Беларусі аб аднаўленні папярэдняга следства па справах аб выкраданнях Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Пра гэта БелаПАН паведаміла кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра Раіса Міхайлоўская.
„23 снежня заказным лістом хадайніцтва падала Святлана Завадская, а 22 снежня электронны зварот накіравала Ірына Красоўская. Яны патрабуюць аднавіць папярэдняе следства ў сувязі са сведчаннямі Юрыя Гараўскага”, — сказала яна.
Паводле слоў Міхайлоўскай, у хадайніцтве ўказана, што ў СМІ з’явіліся паказанні сведкі, які сцвярджае, што ён прысутнічаў пры расстрэле зніклых беларускіх палітыкаў. Паколькі сваякі з’яўляюцца пацярпелымі па гэтай справе, яны скарысталіся правам падачы адпаведнага звароту.
Папярэдняе следства па справе аб знікненні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага было прыпынена ў лістападзе 2018 года, Дзмітрыя Завадскага — у сакавіку 2006 года.
Юрый Гараўскі ў інтэрв’ю, размешчаным 16 снежня на сайце Deutsche Welle, сцвярджае, што, будучы байцом САХРа, браў удзел у выкраданні і забойстве апазіцыйных беларускіх палітыкаў у канцы 1990-х гадоў. У прыватнасці, паводле яго слоў, у выкраданні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі 7 мая 1999 года апрача яго і на той момант камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі прымалі ўдзел яшчэ сем чалавек. Апазіцыянера высочвалі на працягу некалькіх тыдняў. Пры выкраданні яму прад’явілі службовыя дакументы і пасадзілі ў машыну. Паводле слоў Гараўскага, Захаранку не катавалі, не вялі відэаздымку, а адразу адвезлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў у раёне Валоўшчыны, дзе яго нібыта застрэліў Паўлічэнка. Затым цела Захаранкі адвезлі ў крэматорый Паўночных могілак Мінска і спалілі.
Таксама экс-баец сцвярджае, што браў удзел у выкраданні экс-кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара і яго сябра, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага 16 верасня 1999 года. Паводле слоў Гараўскага, джып Ганчара і Красоўскага, якія вярталіся з бані, быў заблакаваны дзвюма машынамі з байцамі САХРа, частка з якіх выкрадала Захаранку (усяго ўдзельнічала восем чалавек). Ганчара і Красоўскага выцягнулі з аўтамабіля, пасадзілі па машынах выкрадальнікаў і адвезлі ў наваколле Бягомля, дзе знаходзілася закансерваваная ваенная база, на якой размяшчаўся САХР. Паўлічэнка нібыта застрэліў Ганчара і Красоўскага, целы забітых былі закапаныя. Гараўскі адзначыў, што ў Ганчара на назе не было двух пальцаў. На наступны дзень у ваколіцах базы быў раздушаны і закапаны джып Красоўскага.
Паводле яго слоў, да знікнення аператара тэлеканала ОРТ Дзмітрыя Завадскага 7 ліпеня 2000 года таксама маглі быць датычныя байцы САБРа.
Фота ciwr.org