Святлана Ціханоўская звярнулася па падтрымку да міжнародных лідараў
“Сёння, разам са Святланай Алексіевіч і 55 чальцамі асноўнага складу Каардынацыйнай Рады я накіравала ліст у міжнародныя арганізацыі і структуры, у тым ліку – ААН, АБСЕ, Еўрапарламент, Дзярждэпартамент ЗША і Савет Еўропы, з заклікам выступіць у падтрымку КР.
З моманту стварэння чальцы Каардынацыйнай Рады падвяргаліся ціску і рэпрэсіям, многія яго лідары – у турме альбо вымушана знаходзяцца не ў Беларусі, а значыць не могуць галасаваць пры прыняцці рашэнняў. А ў апошнія тыдні рэжым пачаў уводзіць новыя „законы” якімі спрабуе апраўдаць масавыя рэпрэсіі. Супраць членаў КР заводзяць крымінальныя справы, абвінавачваюць у экстрэмізме і тэрарызме.
Гэта не мае нічога агульнага з працай, якую мы вядзем. Усё, чаго мы хочам, – гэта мірнае рашэнне палітычнага крызісу ў Беларусі. Менавіта за гэта беларусы галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня. І менавіта за гэта больш за 760 000 беларусаў прагаласавалі на платформе «Голас».
Таму я, Святлана Ціханоўская, лідар, абраны беларускім народам, заклікаю міжнародную супольнасць падтрымаць Каардынацыйную Раду. Я стварыла яе для мірных перамоваў, і ўвесь гэты час яна дзейнічае выключна ў прававым полі. Таму я настойваю, што рэпрэсіі ў дачыненні да яе чальцоў павінны быць цалкам спыненыя»,- звярнулася ў сваім ютуб-канале Святлана Ціханоўская.
Відэа звароту: