Свой-чужы боль
Людзі, якія ўбачылі вайну на свае вочы, не могуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, нават калі ім удалося выехаць у больш спакойны рэгіён ці за межы краіны. Гэта непасрэдныя сведкі баявых дзеянняў. Людзі, якія ўбачылі вайну вачыма фатографа ці аператара, у той ці іншай меры таксама могуць быць траўмаваныя ваеннымі падзеямі. Ускосныя сведкі, то бок тыя, хто асабіста не перажыў і не атрымаў досвед рэальнага звышмоцнага стрэсу, адчуваюць магутны эмацыйны боль.
Такую рэакцыю называюць «траўмай сведкі». Чалавек перажывае гора разам з пацярпелымі яшчэ і таму, што ідэнтыфікуе сябе з імі: напрыклад, ён быў калісьці ў горадзе, які падвергся бамбардзіроўцы, у яго падобны дом, ён такога ж узросту, як забіты, ён выехаў раней з месца трагедыі, хаця тэарэтычна мог і застацца. Размова пра вайну ва Ўкраіне, тым больш, што гэта не на іншым мацерыку, гэта блізка, таму боль адчуваецца, як свой. Прагляданне ўразлівага кантэнту выклікае розныя рэакцыі: роспач, гнеў, істэрыку, бездапаможнасць або абсалютную пустэчу ўнутры. Многія распаўсюджваюць у сацсетках фота і відэа, таму што гэта адзін са спосабаў выказаць нясцерпны боль ад таго, што адбываецца, і падзяліцца сваімі пачуццямі. Буча, Марыюпаль, Дняпро — тое, што не пакідае абыякавым ніводнага нармальнага чалавека. Акрамя, вядома, тых, хто шчыра рады колькасці ахвяр. Варта толькі пачытаць каментары на падзеі тыднёвай даўніны ў Дняпры. Гэта пераварочвае свядомасць.
Праваенная расейская аўдыторыя адкрыта рагатала над тым, як з-пад завалаў ратавальнікі выцягвалі жывых і мёртвых людзей. Маўляў, «хахлы самі сябе абстрэльваюць, каб расчуліць Захад», і «нешта даўно не было смажанага ўкраінскага сала». Гэта нянавісць на біялагічным узроўні – украінцы адважыліся быць не такімі, як ім дазваляюць расейцы. Два светы: той, дзе плачуць ад чужога гора, якое ўспрымаюць, як сваё, і той, дзе яму радуюцца. Тут ня трэба дэманізаваць Расею, усё і так відавочна. Шчырыя слёзы ў сацсетках можа выклікаць толькі адсутнасць брэндавых крам, складанасці ў атрыманні візы ў якую-небудзь краіну мары ці «любаты» санкцый. Дык вось, траўму сведкі, які дакрануўся да чужой пакуты і прапусціў праз сябе, можна вылечыць. А што рабіць з калектыўнай апантанасцю?
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя