Свята нацыянальных Герба і Сцяга на перадвыбарчым пікеце
28 гадоў таму Беларусі былі вернутыя гістарычныя сімвалы – герб „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг.
Зборшчыкі подпісаў за Вадзіма Саранчукова, як прэтэндэнта на кандыдацтва ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, адзначылі на адной з цэнтральных вуліцаў Гародні гэты дзень. Перашкаджала святу толькі нестабільнае надвор’е. Кажуць зборшчыкі подпісаў:
– Мяне завуць Грыгенча Ганна Станіславаўна. Подпісы паціху збіраем. Гэта яшчэ пачатак. Надвор’е кепскае. Будзем спадзявацца, што падтрымаюць.
Сяргей Верамеенка, БХД:
– Адному добра толькі булку есці. Уся дастанецца таму, хто есць. А добрыя справы трэба рабіць разам. І я бачу, што ў нас атрымліваецца. Дзякуй Богу за гэта! Спадзяюся, што атрымаецца.
Свята для беларусаў „Дзень нацыянальных Сцяга і Герба” пікетоўцы правялі з выдумкай, чым прывабілі мінакоў, а значыць патэнцыйных падпісантаў. Кажа Вадзім Саранчукоў, які сам прысутнічае разам з актывістамі ягонай групы падтрымкі на кожным пікеце:
– 28-ая гадавіна з дня, як Вярхоўны Савет прыняў Пастанову аб Дзяржаўных Гербе і Сцягу, дзень, калі „Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі ў Рэспубліцы Беларусь. Таму ў нас сёння тэматычны пікет па зборы подпісаў і флэшмоб. Мы прапануем мінакам – жыхарам і гасцям нашай Гародні – сфатаграфавацца побач са сцягамі, трымаючы ў руках “Пагоню”, для выкладання ў сацсетках і проста, каб паказаць, што нас шмат і гэта нашы сімвалы.
Пікеты па зборы подпісаў за Вадзіма Саранчукова, намесніка старшыні партыі БНФ праводзяцца ўжо тыдзень і будуць трываць да 12 -га кастрычніка. Як паведамілі зборшчыкі подпісаў, сваімі подпісамі падтрымалі асобу Вадзіма некалькі соцень чалавек. Пікеты праходзяць штодзень на вуліцы Савецкай ад 17-00 да 19-00 гадзінаў па будніх днях.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня