Свята Першамая працягваецца ў… судах (абнаўляецца)



Суд Ленінскага раёна Менска аштрафаваў на 20 базавых велічынь (460 рублёў) Марыну Адамовіч, жонку апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Працэс вёў суддзя Дзмітрый Астапенка. Ён прызнаў Адамовіч вінаватай па ч. 3 арт. 23.34  – паўторны цягам года ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

* * * 

Суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў на 40 базавых велічынь (840 рублёў) старшыню Руху „За Свабоду” Юрася Губарэвіча за ўдзел у першамайскім мітынгу.

* * * 

У сталічных судах 19 траўня працягваецца разгляд спраў удзельнікаў першамайскай акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

У судзе Першамайскага раёна Менска працягнецца разгляд адміністратыўнай справы па арт. 23.34 КаАП старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. Учора ён заявіў хадайніцтва выклікаць у суд у якасці сведкі Алеся Кіркевіча. Суддзя Сідарок задаволіла хадайніцтва і перанесла паседжанне на 19 траўня.

У судзе Маскоўскага раёна Менска на 10 гадзін раніцы прызначаны разгляд адміністратыўнай справы Марыны Адамовіч, якую таксама вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, мітынгу на Кастрычніцкай плошчы 1 траўня.

Гэты ж суд будзе разглядаць і справу сябра Руху «За Свабоду» Аляксея Клюшнічэнкі. Пачатак паседжання прызначаны на 11-15.

Дарэчы, 18 траўня ў судзе Маскоўскага раёна разглядалася справа актывісткі Алены Талстой, таксама за Першамай. Яе абвінавацілі ў парушэнні ч.3 арт.23.34 КаАП і пакаралі штрафам.

Нагадаем, за першамайскую акцыю ў Менску арыштамі і штрафамі пакараныя 10 чалавек, сярод якіх Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Вячаслаў Сіўчык, Леанід Кулакоў ды іншыя ўдзельнікі мітынгу.

Усяго па інфармацыі праваабаронцаў супрацоўнікі міліцыі склалі рапарты амаль на два дзясяткі чалавек. Можна меркаваць, што судовы канвеер за Першамай яшчэ будзе працягвацца не адзін дзень.

spring96.org