Святалана Ціханоўская з трохдзённым візітам у Польшчы



З 7 па 9 верасня праходзіць працоўны візіт у Польшчу дэмакратычнага лідара Беларусі Святланы Ціханоўскай, паведамляе яе прэс-служба.

Ціханоўская прыбыла на штогадовы Эканамічны форум у Карпач, які таксама неафіцыйна называюць польскім Давосам. У кулуарах форуму палітык мела кароткую сустрэчу з міністрам замежных спраў Польшчы Збігневам Рау. Таксама яна сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, які прыпыніў супрацоўніцтва з афіцыйнымі беларускімі ўладамі.

Абмяркоўваліся „магчымыя праекты рэформаў і інвестыцыі ў эканоміку новай Беларусі”. Акрамя таго, у Карпачу экс-кандыдат у прэзідэнты правяла сустрэчу з вядомым беларускім эканамічным экспертам Сяргеем Чалым і прадстаўніком Беларускага ПЭН-цэнтра паэтам Андрэем Хадановічам, якія знаходзяцца ў апошнія месяцы за мяжой.

Мэр ўкраінскага Львова Андрэй Садавы паведаміў у „Твітэры” пра сустрэчу з Ціханоўскай „на палях” форуму. „Дамовіліся са спадарыняй Святланай аб адкрыцці ў Львове медыяхаба для незалежных беларускіх журналістаў”, — адзначыў ён.

Чакаецца, што дэмакратычны лідар выступіць на форуме, правядзе перамовы з эканамістамі, прадстаўнікамі інвестыцыйных банкаў і міжнародных арганізацый, сустрэнецца са сваёй эканамічнай камандай на чале з Алесем Аляхновічам і прадставіць яе новых чальцоў.