Святлана Алексіевіч асцерагаецца, што яе не ўпусцяць у Беларусь



Святлана Алексіевіч асцерагаецца, што пасля паездкі ў Еўропу не зможа вярнуцца ў Беларусь, і выказалася за больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў. Пра гэта беларуская пісьменніца заявіла на прэс-канферэнцыі фестывалю Taormina Book.

Святлана Алексіевіч у гэтыя выхадныя знаходзіцца ў горадзе Таарміна (Італія) на фестывалі Taormina Book, дзе ёй уручылі прэмію Taormina Award for Literary Excellence. Перад удзелам у фестывалі пісьменніца пагутарыла з мясцовай прэсай.
 
На пытанне, ці вернецца яна пасля наведвання Еўропы ў Беларусь, Алексіевіч заявіла, што не плануе заставацца ў эміграцыі. Пасля ўдзелу ў фестывалі на Сіцыліі і наведвання ўрача ў Берліне яна збіраецца вярнуцца ў Беларусь. Але ў самой пісьменніцы і яе акружэння ёсць сумненні ў тым, што яе пусцяць у краіну. Святлана Алексіевіч прызналася, што не адчувае сябе ў бяспецы, таму што ўсе яе аднадумцы знаходзяцца ў зняволенні або ў вымушанай эміграцыі. Хутчэй за ўсё літаратар мае на ўвазе прэзідыум Каардынацыйнага савета, членам якога яна з’яўляецца.
 
– Улада ўжо прадпрымала спробу арыштаваць мяне. І яна б рана ці позна гэта зрабіла. Гэты вар’яцкі стан, калі ты разумееш, што цябе могуць арыштаваць. Ніхто з нас яшчэ нядаўна не мог у гэта паверыць, – заявіла пісьменніца. Пры гэтым яна верыць, што ў некаторай ступені яе абараняе становішча нобелеўскага лаўрэата.
 
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі выказалася аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Пісьменніца падкрэсліла, што беларусы, якія выходзяць на маршы, хочуць жыць так, «як жывуць свабодныя людзі».
 
– Я гляджу ў твар сённяшняй моладзі, якой шмат на маршах свабоды, і ўспамінаю дзевяностыя гады. Тады на плошчы выходзілі мы, і крычалі «Свабоду! Свабоду! ». Але мы не ведалі, што гэта такое. У нас было толькі кніжнае, рамантычнае ўяўленне пра свабоду. Мы думалі, што свабода недзе там за вуглом, але потым ўсвядомілі, што шлях да свабоды доўгі і цяжкі. Мы гэтага шляху не праходзілі. За вуглом мы выявілі толькі эканамічную разруху і варварства, гатовае высунуць галаву ў любы момант, – перадае словы Алексіевіч Corriere della Sera.
 
З адсылкай да назвы адной са сваіх кніг «У вайны не жаночы твар», пісьменніца кажа, што «рэвалюцыя ў Беларусі якраз мае жаночы твар». На першай лініі ў шматтысячных маршах стаяць жанчыны, тым самым паказваюць сваю сілу і што ў адказ на арышты сваіх мужчын яны могуць перавярнуць патрыярхальнае грамадства.
 

Нобелеўскі лаўрэат таксама выказалася за ўвядзенне больш жорсткіх санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Беларусь у перыяд палітычнага крызісу апынулася адна, лічыць яна. Верагодна, таму што «паміж Еўропай і Расіяй ёсць сакрэтная дамова аб тым, што Беларусь – гэта зона інтарэсаў Расіі».

tut.by