Святлана Алексіевіч: Я ніколі не крытыкавала беларускі народ



Пісьменніца Святлана Алексіевіч адказала на крытыку, якая прагучала з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік Беларусі заявіў, быццам нобелеўскі лаўрэат выехала за мяжу і там выліла „цэбар бруду” на сваю краіну.

„Калі Лукашэнка павіншаваў мяне, хай не першы, я была рада, бо зразумела: усё-такі ён палітык. І раптам вось гэты каментар. Я думаю, тады ён павіншаваў, таму што гэта было перад выбарамі, тут поўна было розных камісій міжнародных, і перад сваім народам трэба было трымаць твар, а цяпер ён вольны”, – адзначыла пісьменніца ў інтэрв’ю радыёстанцыі „Гаворыць Масква„.

Алексіевіч кажа, што ніколі не крытыкавала беларускі народ, а толькі – палітычныя рашэнні Лукашэнкі. „Я б сказала, што не пра гэта трэба сёння прэзідэнту казаць. Народ чакае рэформаў, у народзе назапасілася энергія. А ў нас наогул ніякай ідэі. Абы ўтрымаць уладу. Калі гэта абраза беларускага або рускага народа, то я не ведаю, дзе і ў якім часе мы жывем”, – канстатавала яна.