Святлана Калінкіна: Апазіцыя не гаворыць пра самае галоўнае



Улады яшчэ не аб’явілі тэрміны прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Вядома толькі, што прамежак паміж імі – толькі тыдзень і кампаніі можна аб’яднаць.

Але, паводле аналітыка Святланы Калінкінай, – улады на гэта не пойдуць па некалькіх прычынах. Яна прагназуе, што парламенцкія выбары нас чакаюць у канцы 2019 года, а прэзідэнцкія ў 2020-ым, – кажа Святлана Калінкіна.

– Не бюджэт галоўнае. Сапраўды, калі б сумешчаныя былі кампаніі, то грошай трэба было б менш, але на захаванні ўлады ў Беларусі не эканомяць. Цікавасць да выбараў, градус накалу падчас змяшчэння прэзідэнціх і парламенціх выбараў будзе значна большы, будзе значна большая мабілізацыя наглядальнікаў. Таму гэта вельмі-вельмі вялікая рызыка для ўлады.  

Праймерыз ладзяць прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі. Іншыя палітычныя структуры заяўляюць пра сваіх магчымых кандыдатаў. Паводле аналітыка Святланы Калінкінай, палітычныя сілы не зарана пачалі перавыбарчыя манеўры, але беларусам не кажуць галоўнага.

– Яны, палітычныя сілы апазіцыі, не гавораць пра галоўнае, што выбараў у краіне няма, самы лепшы кандыдат на іх не пераможа. Бо што яны могуць прапанаваць беларусам у сітуацыі, калі няма выбараў. На самой справе прозвішчы кандыдатаў, Статкевіч будзе, ці Казлоў, ці Барысаў, ці яшчэ нехта, ці Канапацкая, – гэта зусім другасная, на мой погляд, сітуацыя.  

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 году.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя