Святлана Калінкіна: Лілія Ананіч цяпер можа даваць папярэджанні нават амерыканскім СМІ
У Беларусі ўсе ведамствы рыхтуюцца да прэзідэнцкіх выбараў, а Міністэрства інфармацыі вядзе падрыхтоўку своеасабліва, абвяшчаючы папярэджанні незалежным СМІ, такім як Радыё Рацыя, каб у патрэбны час даць справаздачу, што яны сцераглі інтарэсы дзяржавы, – кажа шэф-рэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна. Але ў гэтым выпадку міністр інфармацыі Лілія Ананіч з такім жа поспехам можа абвесціць папярэджанне амерыканскім медыям, бо Радыё Рацыя зарэгістравана і працуе з тэрыторыі Польшчы, адзначае эксперт.
– Яны вынеслі папярэджанне як сайту, а сайты могуць быць зарэгістраваны дзе заўгодна. Гэта ўжо дзейнічае новы закон. Шчыра кажучы, і ў самім міністэрстве эксперты, юрысты не могуць дакладна адказаць, як ён будзе дзейнічаць, бо тэарэтычна наша міністэрства цяпер можа выносіць папярэджанне нават амерыканскім СМІ. І Лілія Ананіч будзе першым чалавекам у свеце, які мае такія паўнамоцтвы.
Нагадаем, інтэрнэт-рэсурс „Радыё Рацыя” – racyja.com, які працуе ў беларускай інфармацыйнай прасторы, але не знаходзяцца ў нацыянальнай даменнай зоне, атрымаў папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі Беларусі. Папярэджанне абвешчана «за распаўсюд недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам». Аднак Міністэрства інфармацыі не ўдакладняе, якая менавіта інфармацыя прызнана «недакладнай». Пры гэтым Мінінфарм нагадвае пра магчымасць абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, які атрымаў два пісьмовыя папярэджанні цягам года.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота baj.by