Святлана Калінкіна: Народ у апазіцыі і да ўлады, і да апазіцыі



„Улада ў разгубленасці. Народ у апазіцыі і да ўлады, і да апазіцыі. Таму ўзрастае аўтарытэт незалежных СМІ”. Так ацэньвае становішча былая шэф-рэдактарка газеты “Народная Воля”.

0-662x400

Святлана Калінкіна дала інтэрв’ю нашаму карэспандэнту Стасу Дэдэрку:

– У нашым грамадстве зараз такі дзіўны стан, калі ні ўлада, ні апазіцыя не маюць вялікага аўтарытэту. А, дарэчы, незалежная журналістыка яго мае. Таму, я думаю, што такая пазіцыя, правільная. Бо ад таго, што мы закрываем вочы на нечыя памылкі ці проста не хочам крыўдзіць добрых людзей, сітуацыя насамрэч не мяняецца. Быў такі перыяд, калі мы апазіцыю зусім не крытыкавалі, а толькі хвалілі за ўсё, што б яна не зрабіла, і пісалі пра кожны яе крок, і гэта можа і ёсць наступствы таго перыяда. Гэта па-першае. А па-другое, улада не любіць крытыку – гэта зразумела. Апазіцыя не любіць крытыку – і гэта зразумела. Але некалі трэба вучыцца, што ёсць розныя пункты погляду, і калі нехта з табой не пагаджаецца, гэта не азначае, што ён вораг. І гэтаму трэба вучыцца і ўладзе, і апазіцыі, і ўвогуле грамадству.

РР: Ці адчувае сёння ўлада патавае становішча?

Святлана Калінкіна: Я  думаю, што ўлада ў разгубленасці. Але яна па-ранейшаму дзейнічае па прынцыпе “дзень прастаяць ды ноч пратрымацца”, а далей ужо што будзе. Гэта азначае, што па-ранейшаму няма нават асэнсавання ні сваіх памылак, ні сваіх дасягненняў. Мы ў тым самым коле, у якое ўвайшлі ў 1996 годзе.

Аляксандар Лукашэнка быў на МАЗе, і мяне вельмі ўразілі фотаздымкі гэтай сустрэчы, якія выставіла прэс-служба прэзідэнта. Гэта зусім іншая сустрэча Лукашэнкі са сваім электаратам.

timthumb

Фота прэс-службы кіраўніка Беларусі

Звярніце ўвагу, людзі проста азлоблена маўклівыя. Злыя позіркі. Многія проста не глядзяць на Лукашэнку, хоць нядаўна жанчыны рабілі прычоскі, каб добра выглядаць на такіх сустрэчах. Мазаўская сустрэча – зусім іншы прыклад зусім іншай атмасферы. Ён жартуе – ніхто не смяецца. Ён пераходзіць на жорсткую рыторыку – ніхто не ківае галовамі. І мне падаецца, ён адчуў гэта, бо не было таго азарту, які быў раней падчас такіх выступленняў. Нават былой упэўненасці не было .

Лукашэнка ж вельмі добры акцёр, і ягоная фішка ў тым, што б ён не гаварыў, ён заводзіцца, уключаецца і сам пачынае ў гэта верыць. І гэта перадаецца людзям. А тут і людзі не верылі, і ён сам не верыў. Таму сёння ўлада займаецца аўтатрэнінгам – “усё будзе добра”, “трэба перажыць цяжкія часы”, “неяк будзе…”. Але гэта самасупакойванне, і на самой справе сітуацыя дастаткова трывожная.

РР: Ваш сыход з “Народнай Волі” назвалі сімптаматычным у тым сэнсе, што незалежным СМІ фактычна няма за што  існаваць. Газеты дрэнна прадаюцца, сайты не акупляюцца. Што далей рабіць СМІ?

Святлана Калінкіна: Я б падтрымала гэтыя разважанні, калі б перайшла, напрыклад,  у прэс-службу нейкага замежнага банка, тады б можна было рабіць такія высновы. А так я сыходжу з журналістыкі ў журналістыку, я проста мяняю фармат. Так, сітуацыя для СМІ зараз складаная, і нават для выданняў, якія нейтральныя і бяспечныя для ўлады. Бо зварочваецца бізнес, эканамічны крызіс, няма рэкламы, людзі лічаць кожную капейку. Але як заўсёды будуць купляць ежу, так заўсёды будзе патрэба ў інфармацыі.

РР: У якой ролі мы пабачым Святлану Калінкіну далей?

Святлана Калінкіна: Я шчаслівы чалавек. Таму што вельмі часта і ад калег чую, і не ад калег, што няма працы, немагчыма працу знайсці, ці ёсць праца, але яна не падабаецца, але вымушаны працаваць. А для  мяне і папярдняя праца была не цяжарам, а радасцю. І калі я вырашыла сысці і нешта памяняць і пашукаць новыя ракурсы ў прафесіі, мне адразу паступіла некалькі прапаноў. Яны цікавыя, і я паміж імі вагаюся. Але адно магу сказаць – гэта будзе журналістыка.

Святлана Калінкіна прызналася, што за 11 год, праведзеных у рэдакцыі “Народнай Волі”, найцяжэйшы пэрыяд быў у самым пачатку. Тады выданню адмовілі ў магчымасьці друкавацца й распаўсюджвацца праз пошту і сетку дзяржаўных кіёскаў. У адказ чытачы былі гатовыя самі разносіць газету па Менску, арганізаваць дастаўку па пошце ў капэртах і г.д. Дзякуючы той сытуацыі, Святлана Калінкіна назаўжды пераканалася, што журналісцкая праца недарэмная і вельмі важная для вялікай колькасьці людзей.

Гутарыў Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя