Святлана Калінкіна: Такое не павінна здарацца з добрымі людзьмі
Ад выбуху машыны загінуў беларускі журналіст Павал Шарамет. Гэта адбылося сёння, 20 ліпеня, ў Кіеве на рагу вуліцы Хмельніцкага і Франко ў час руху. Аўтамабіль належаў кіраўніку выдання «Украінская праўда» Алене Прытуле, але яе ў машыне не было.
Апошнія 5 год Павал Шарамет жыў у Кіеве, працаваў у названай газеце, таксама быў вядоўцам на «Радыё Весці».
Раней Шарамет супрацоўнічаў з беларускай і расейскай телевізіяй. Стаў адным з арганізатараў вэб-сайта «Беларускі партызан», сааўтарам кнігі разам са Святланай Калінкінай «Выпадковы прэзідэнт», пра прыход Лукашэнкі да ўлады.У 98-м быў асуджаны беларускім судом на тэрмін два гады ўмоўна за рэпартаж з беларуска-літоўскай мяжы, а ў 2010-м пазбаўлены беларускага грамадзянства.
Для Святланы Калінкінай, як і для іншых калегаў Шарамета, ягоная гібель стала шокам.
— Таму што такое не павінна здарацца з добрымі людзьмі. Бачыліся мы даволі даўно, але праз Фэйсбук і Скайп мы кантактавалі. Як гэта не дзіўна, ці дзіўна, апошнім часам Паўла вельмі хваляваў лёс сайта «Беларускі Партызан»: «Што будзе з сайтам? Як быць з сайтам?». Ён нічога не пісаў і не казаў пра тое, што ёсць нейкія пагрозы, наадварот, ён казаў, што ва Украіне ўсё не так небяспечна, як гэта падаецца праз СМІ і заклікаў прыязджаць. Абяцаў сам правесці экскурсіі па горадзе, што ўсё спакойна і добра, але чамусьці тое, што будзе з «Партызанам» з беларускімі праектамі, з сайтам «Гістарычная праўда» яго вельмі хвалявала.
На думку Святляны Калінкінай, забойства Паўла Шарамета можа мець і ўкраінскі, і расейскі след.
— Раўнацэнныя абедзве версіі: і тое, што гэта прызначалася Паўлу і тады, хутчэй за ўсё тут будзе расейскі след, альбо Алене Прытуле і тады будзе ўкраінскі след. Павел быў адным з тых журналістаў, якія горача прынялі тое, што адбываецца ва Украіне і пісалі праўду пра гэтыя падзеі, і адстойвалі ўкраінскі выбар. Расеі гэта, зразумела, вельмі не падабалася: як гэта грамадзянін Расеі і так гарой за Украіну? Ён і публікаваўся і друкаваўся шмат: адкрываў вочы расейцам, у тым ліку, на тое, што адбываецца на самой справе.
Акром таго, заўважае Святлана Калінкіна, Павал Шарамет блізка сябраваў з забітым расейскім палітыкам Барысам Нямцовым. Таму, з расейскага боку гэтае забойства можа быць помстай, так бы мовіць, за здраду «руcскому миру», альбо спробай праз гібель журналіста дыстабілізаваць сітуацыю ва Украіне. Дадамо, што Павел Шарамет будзе пахаваны ў Менску. Пра гэта паведаміла яго маці.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя