Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Фінляндыі сітуацыю ў Беларусі
У Хельсінкі 2 сакавіка адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Ніінісцё.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, суразмоўцы „абмеркавалі крызіс у Беларусі і патэнцыйныя перамовы пры міжнародным пасрэдніцтве на пляцоўцы АБСЕ — з магчымым удзелам іншых дзяржаўных інстытуцый”.
Ціханоўская падкрэсліла, што беларускія пратэстоўцы змагаюцца за новыя свабодныя і справядлівыя выбары ў гэтым годзе пад міжнародным назіраннем. Яна таксама абмеркавала з Саўлі Ніінісцё „будучыню адносін паміж дзвюма краінамі і патэнцыйнае супрацоўніцтва”.
Прэзідэнт Фінляндыі выказаў падтрымку Святлане Ціханоўскай у пошуку вырашэння крызісу праз перамовы, адзначае прэс-служба.
Як паведамлялася, Ціханоўская знаходзіцца ў Фінляндыі з візітам 1—4 сакавіка. У яе графіку таксама сустрэчы з прэм’ер-міністрам Санай Марын, міністрам замежных спраў Пекам Хаавістам і іншымі прадстаўнікамі ўрада, а таксама з ганаровым старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Ілкам Канервам.
Фота з Фэйсбука Францішка Вячоркі.