Святлана Ціханоўская асуджае затрыманне Аляксея Навальнага



«Гэта небяспечны крок да пазбаўлення расейцаў палітычнай альтэрнатывы. Беларусь бачыла наступствы такога абыходжання з палітычнымі апанентамі. Гэта не адпавядае інтарэсам рускага народа і краіны». Святлана Ціханоўская пракаментавала затрыманне Аляксея Навальнага ў Маскве.    

Яна  параўнала гэтыя дзеянні таксама і з падзеямі ў Беларусі.  „Беларусы шмат разоў бачылі, як палітыкаў затрымліваюць, выкрадаюць і вывозяць з краіны, абы прымусіць маўчаць. Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч — усе гэтыя людзі знаходзяцца ў турме, таму што старая палітычная сістэма не ўмее канкураваць годна. З гэтай жа прычыны сёння быў затрыманы Аляксей Навальны. Але гэта небяспечны крок”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба.

„Кожны чалавек мае права на выбар і на дом, — падкрэсліла палітык.  — І затрыманне Навальнага паказвае, што нашым краінам яшчэ трэба прайсці сур’ёзны шлях, каб мы маглі адчуваць сябе на Радзіме — дома. Гэта і ёсць наша мэта: каб усе, каму давялося з’ехаць, маглі вярнуцца; а ўсе, хто застаўся ў Беларусі, перасталі адчуваць, што жывуць у турме”.

Беларускае Радыё Рацыя