Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Яна Новака-Езяранскага



4-га чэрвеня 2021 года а 19.00 гадзіне на двары Асолінеўма ва Уроцлаве ў васямнаццаты раз была ўручана прэмія імя Яна Новака-Езяранскага.

Узнагарода, заснаваная Янам Новак-Езяранскім, Каледжам Усходняй Еўропы, горадам Уроцлаў і Нацыянальным інстытутам Асолінскі, узнагароджваецца асобам і ўстановам за „мысленне пра дзяржаву як агульнае дабро”. У 2021 годзе лаўрэатамі прэміі сталі беларускія апазіцыйныя актывісткі: Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова і Марыя Калеснікава, якія змагаюцца за тое, каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай. Упершыню ў гісторыі прэміі яна была ўручана некалькім людзям.

Пра падзею таксама напісаў прэзідэнт Уроцлава Яцэк Сутрык, які прысутнічаў пры ўручэнні ўзнагароды:

– Уроцлаў – горад свабоды і салідарнасці, ён таксама можа нагадваць пра свабоду. Сёння гэта здарылася падчас уручэння прэміі Яна Новака Езяранскага Святлане Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Вользе Кавальковай, у знак прызнання дасягненняў іншых беларускіх жанчын, якія, падобна да спадарынь, апынуліся ў зняволенні, вымушаныя былі эміграваць альбо засталіся ў краіне няўпэўненыя ў сваёй будучыні. Лёс кожнай з спадарынь – гэта адлюстраванне тысяч беларускіх герояў. Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава, Вольга Кавалькова падобна як і Ян Новак-Езяранскі, кур’ер з Варшавы, разглядаюць дзяржаву як агульнае дабро. Яны прагнуць такой Беларусі, у якой развяваецца бела-чырвона-белы сцяг, а беларускамоўная культура з’яўляецца каштоўнасцю, а не праявай экстрэмізму. Яны хочуць свабоднай і дэмакратычнай Беларусі – краіны, у якой чалавек абаронены законам, адкрыты свету і гэтаму свету добразычлівы. Я ўдзячны, што на цырымоніі прысутнічалі і бацькі спадара Рамана Пратасевіча, незалежнага журналіста, затрыманага ў Беларусі. Сёння Ваш сын стаў сімвалам грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. А роля дэмакратычнага свету заключаецца ў тым, каб змагацца за яго вызваленне. Жыве Беларусь!

Канстанцін Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя