Святлана Ціханоўская: Бяда прыйшла адкуль не чакалі



Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская выказалася на мітынгу, які адбыўся ўвечары 30 ліпеня ў Менску, пра затрыманне групы баевікоў з прыватнай ваеннай кампаніі „Вагнера” пад Менскам. А таксама аб штучнай прывязцы іх справы да справы яе мужа, якую следства перакваліфікавала па артыкуле аб масавых беспарадках.

Па словах Ціханоўскай, як толькі яна і яе калегі па аб’яднанаму штабу даведаліся аб затрыманні баевікоў, адразу пачалі думаць, як улады гэта выкарыстаюць:

– Мы думалі, што ў краіне напэўна аб’явяць надзвычайнае становішча і нам забароняць праводзіць пікеты, каб мы не маглі з вамі сустракацца. Другі варыянт, што будзе праведзена нейкая правакацыя на адным з нашых пікетаў. І гэтую правакацыю прыпішуць Ціханоўская і нашаму аб’яднанаму штабу, гэта будзе нагодай для зняцця. Бяда прыйшла адкуль не чакалі, хаця гэта было прадказальна, гэтую групоўку прывязалі да Ціханоўскага.

Сяргею перакваліфікавалі крымінальны артыкул на артыкул 293 — падрыхтоўка і актыўны ўдзел у масавых беспарадках і „прывязалі” гэтых баевікоў да яго справы, — распавяла Святлана Ціханоўская. Гэта сведчыць не аб нейкай віне, а аб ілжывасці і бесчалавечнасці беларускай улады, – лічыць яна.

А з сітуацыяй з баевікамі трэба разбірацца. Зараз паступае інфармацыя, што расейскія баевікі бывалі ў нас часта і выкарыстоўвалі Беларусь як перавалачную базу. Калі гэта так, то ў мяне пытанне — куды глядзелі спецслужбы Беларусі і чаму гэтая тэма паднятая напярэдадні выбараў? – кажа Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя