Святлана Ціханоўская: Cёння — наш дзень і наша свята
Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з Днём Волі, які адзначаецца 25 сакавіка.
«Як і многія беларусы, раней я не лічыла 25 сакавіка важнай датай. Але ў 2020 годзе ўсё змянілася. Мы пачалі пісаць гісторыю новай Беларусі. І цяпер усе мы разумеем: нельга ісці ў будучыню, не памятаючы пра мінулае, – бо інакш можна затрымацца ў гэтым мінулым на 26 гадоў.
Беларуская Народная Рэспубліка стала старонкай нашай гісторыі, дзякуючы якой праз гады Беларусь атрымала незалежнасць, а не засталася шасцю абласцямі ў складзе іншай краіны.
І сёння – наш дзень і наша свята. Я віншую нас з тым, што ў нас з’явіліся адзінства, салідарнасць і воля. І з тым, што ўсяго за тыдзень мы сабралі амаль 750 тысяч галасоў на платформе «Голас» – за мір, за перамовы, за свабодную будучыню нашай роднай краіны.
Паводле інфармацыі ByPol, рэжым паставіў сабе мэту не даць нам сабраць мільён. Таму яны блакуюць доступы да сайта «Галасы», робяць фэйкавыя рассылкі і спрабуюць запалохаць беларусаў, якія хочуць прагаласаваць. Але нашая воля расце – і разам з ёй расце іх страх.
За першы тыдзень галасавання міністэрствы замежных справаў Славеніі, Аўстрыі, Германіі, старшынства Швецыі ў АБСЕ, місіі ЕЗ і ЗША ў АБСЕ падтрымалі беларусаў. Мы ўжо пачалі дыялог з міжнароднымі партнёрамі пра тое, якой можа быць пляцоўка і бакі перамоваў пра новыя выбары. Бо нашыя галасы, сімвалы і феерверкі больш бачныя на вулiцах і патрабуюць, каб нас пачулі.
І я жадаю ўсім нам наступнае 25 сакавіка сустрэць у той Беларусі, якую мы заслугоўваем – у краіне, дзе шануюць закон, захоўваюць правы і паважаюць народ. Бо ўжо сёння беларусы ўпершыню святкуюць Дзень Волі як Новы Год. Дык са святам!
Жыве Беларусь!»