Святлана Ціханоўская і Павел Латушка пракаментавалі прысуд журналісткам „Белсата”
Уладам не ўдалося зламаць Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову, якіх сёння прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі, заявіла Святлана Ціханоўская, каментуючы ў сваім тэлеграм-канале прысуд журналісткам тэлеканала „Белсат”.
„У зале суда яны ўсміхаюцца і абдымаюць адна адну. І паглядзіце на рэакцыю сілавікоў. Яны хаваюць твары пад маскамі і нервова ўгаворваюць усіх сысці з залы. Дык хто з іх у клетцы? Каця і Даша вольныя як ніхто ў гэтай зале. Іх не ўдалося зламаць, не ўдалося запалохаць і застрашыць. Нягледзячы ні на што, яны вольныя”, — адзначае Ціханоўская.
Яна перакананая, што беларусы „не будуць жыць у клетцы”. „Мы даб’емся праўды і свабоды — дзякуючы Кацярыне Андрэевай, Дар’і Чульцовой, усім сумленным журналістам, урачам, праваабаронцам, валанцёрам і ўсім адважным беларусам. Мы зробім гэта дзеля іх. І ў выніку ўсім давядзецца зняць маскі і паглядзець адзін аднаму ў вочы”, — падкрэсліла Ціханоўская.
У сваю чаргу кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК) Павел Латушка заявіў, што будзе дамагацца санкцый для суддзяў, якія выносяць палітычныя прысуды. „Іх імёны і прозвішчы трывала ўпісаны ў дакументы па незаконных справах. Сёння максімальныя абмежаванні для несумленных суддзяў — адзін з галоўных прыярытэтаў у адстойванні санкцыйнай палітыкі. У будучыні наступіць крымінальная адказнасць у дачыненні да тых, хто парушыў прысягу правасуддзю”, — напісаў Латушка ў сваім тэлеграм-канале.
Прысуд у дачыненні да Андрэевай і Чульцовай ён назваў „стопрацэнтна палітычным рашэннем”, мэта якога — „запалохаць усіх сумленных і незалежных журналістаў”. Але, як лічыць Латушка, „такімі паказальнымі судамі, вобшукамі, затрыманнямі, пазбаўленнем акрэдытацый і іншымі рэпрэсіямі рэжыму не ўдасца прымусіць маўчаць людзей, якія дапамагаюць усяму свету бачыць увесь жах, які дзеецца ў Беларусі з-за Лукашэнкі і яго набліжаных”. „Нельга схаваць праўду, калі кожны чалавек здольны рабіць фота, відэа і перадаваць сумленную інфармацыю. І кожны з нас, мы разам будзем выконваць місію сумленнай журналістыкі. Кожны з нас мае права лічыць сябе журналістам праўды супраць хлусні”, — заявіў Латушка.
Андрэева і Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру (стрыму) з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на сімвалічнай „плошчы Перамен” у Мінску (двор на вуліцы Чарвякова).
18 лютага суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў іх вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады і якія мелі вынікам парушэнне працы транспарту, актыўны ўдзел у такіх дзеяннях). Судовы працэс пачаўся 9 лютага і фактычна праходзіў без удзелу журналістаў незалежных беларускіх СМІ. Усіх журналістаў пусцілі толькі на абвяшчэнне прысуду.
Абвінавачваныя сваёй віны не прызналі. У абарону журналістак выступіла беларуская і сусветная медыйная супольнасць, Еўрасаюз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваабаронцы прызналі Андрэеву і Чульцову палітвязнямі.