Святлана Ціханоўская: Мы канчаткова перамаглі страх



Святлана Ціханоўская выказалася пра велізарную салідарнасць, якую сёння праявілі беларусы.

У сваім звароце яна падзякавала студэнтам, медыкам, пенсіянерам, спартоўцам, працаўнікам ІТ-сферы, бізнесоўцам  – „усе вы далі працаўнікам заводаў і прадпрыемстваў зразумець, што ўся краіна гатова падставіць ім плячо і сабраць неабходную дапамогу, што яны не адны”.

«26 кастрычніка ў Беларусі павінен стаць новым Днём салідарнасці. Апошнія месяцы мы адчувалі, што ўсе хочам аднаго і таго ж – жыць у новай Беларусі. Але сёння мы ўбачылі, што гатовыя дзейнічаць. І я дзякую кожнаму за любы акт падтрымкі нацыянальнай забастоўкі.

Работнікі заводаў і прадпрыемстваў, вы – героі. Я ведаю, што на „Гродна Азот” рабочыя, якія павінны былі заступіць на ранішнюю змену, адмовіліся гэта рабіць. Ведаю, што супрацоўнікі МАЗ паступова аб’ядноўваюцца і кажуць, што настроены страйкаваць. На МТЗ работнікі маршам прайшлі па заводзе, сабраўшыся ў вялікі натоўп. На МЭТЗ ужо стаіць адзін з асноўных цэхаў, ад якога залежыць уся вытворчасць, а на заводзе – ціха, хоць звычайна пануе вытворчы шум. На БелОМА супрацоўнікі арганізавалі мітынг – яны гатовыя выходзіць на вулічныя акцыі і страйкаваць з заўтрашняга дня. Супрацоўнікі „Беларусьнафты” сёння мужна трымаліся сваіх патрабаванняў на гутарцы з чыноўнікамі. МЗКЦ увесь дзень на італьянскім страйку – людзі прыйшлі на месца, але не запусцілі працоўны працэс. БКМ страйкуе, ММЗ страйкуе, „Мотавела” і „Атлант” страйкуюць. Супрацоўнікі БЧ затрымліваюць ход цягнікоў.

Усе вашыя дзеянні паказваюць, што рэжым больш не можа кіраваць краінай эфектыўна. І гэта становіцца зразумела нават тым партнёрам і краінам, якія даўно падтрымліваюць з ім адносіны.

Мы канчаткова перамаглі страх, што рэжым можа здушыць пратэст. Пратэст будзе скончаны, толькі калі мы дойдзем да мэты. Мы – разам, нас – шмат, і мы гатовыя ісці да перамогі»,- піша з сваім тэлеграм-канале Святлана Ціханоўская.

Беларускае Радыё Рацыя