Святлана Ціханоўская: Мы настойваем на наступным пакеце санкцый



Чарговы пакет еўрапейскіх санкцый – у спісе яшчэ 29 фізічных асобаў і 7 юрыдычных. Гэта ужо трэці этап, першы пакет персанальных санкцый Еўразвяз увёў у пачатку кастрычніка, на другім этапе 6 лістапада спіс пашыраны, у яго дадалі 15 чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра і Віктара Лукашэнкаў.

І нават у такім фармальным выглядзе, як кажа старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, – санкцыі здольныя паўплываць на афіцыйныя ўлады:

– Санкцыі ўдараць і па Аляксандру Лукашэнку, і па ягонай сям’і, і па чыноўніках, прыбліжаных да яго. Але, на жаль, санкцыі ўдараць і па беларускіх прадпрыемствах. Санкцыі, на жаль, удараць па эканоміцы Беларусі і па роўню жыцця насельніцтва. Тут ёсць розныя аспекты і верагоднасць таго, што гэта, з аднаго боку, станоўчая рэакцыя Еўропы на чыноўнікаў, на Лукашэнку. Але ў той жа час – гэта выкліча і адмоўныя наступствы для насельніцтва Беларусі.

Але гучаць іншыя меркаванні. Напрыклад, такія меры, што Еўразвяз прымае да рэжыму Беларусі, у інтэрв’ю для тэлеканала «Белсат» лідар беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская назвала несур’ёзнымі ў цяперашняй сітуацыі:

– У краіне эскалацыя гвалту, людзей працягваюць саджаць, катаваць у турмах, людзі адчуваюць сябе небяспечна ўжо ў сваіх кватэрах, дварах. Небяспечна хадзіць, размаўляць, ужо хутка стане небяспечна дыхаць. Мы настойваем, канешне, на  наступным пакеце санкцый. Бо гэта нават несур’ёзна.

Рада Еўразвязу 17 снежня зацвердзіла новы пакет санкцый да Беларусі. Рашэнне ўжо апублікаванае ў афіцыйным часопісе ЕЗ і значыць уступіла ў сілу. Да санкцыяў ЕЗ далучыліся яшчэ 8 краінаў, якія не ўваходзяць у Еўразвяз.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя