Святлана Ціханоўская: Мы павінны быць гатовыя да таго, што рэжым Беларусі абрынецца ў кожны момант



Святлана Ціханоўская наведала Беласток і выступіла на мітынгу беларусаў у цэнтры горада і ўрачыстым канцэрце з нагоды Дня Волі. Сярод агучаных дасягненняў – сустрэча з міністрам унутраных справаў Польшчы, дзе былі вырашаны пытанні віз, міграцыі і дазволу працы для беларусаў, якія бягуць у Польшчу ад рэпрэссій і вайны. У выніку была створана польская працоўная група па справах беларускіх уцекачоў.

Наша карэспандэнтка паразмаўляла з «Госцяй Рацыі» – лідаркай дэмакратычнай Беларусі Святланай Ціханоўскай пра тое, чаму яна асабіста не паехала па запрашэнні батальёна імя Кастуся Каліноўскага ў Кіеў, да чаго мусяць прывесці Беларусь санкцыі, мажлівыя сцэнары вырашэння палітычнага крызісу, адказнасць беларусаў, і якая яна, роля жанчыны ў палітыцы.

Святлана Ціханоўская: Батальён імя Кастуся Каліноўскага апублікаваў відэазварот да ўсіх палітыкаў Беларусі. І я б прыехала з задавальненнем, але, на жаль, для мяне асабіста зараз гэта немагчыма па шэрагу абставін. Аднак мы адразу пачалі рыхтаваць дэлегацыю, якая ўжо наведала і наш беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага, і ўрад Украіны, і вось яны едуць да нас з навінамі. І калі гэта будзе магчыма, мой візіт таксама адбудзецца. Гэта, на жаль, не мы зараз вырашаем. Бо ва Украіне вайна і ёсць абставіны, па якіх я не магу туды паехаць.

РР: У сувязі з вайной, тыя санкцыі, якія ўводзяцца ў адносінах да Беларусі, наколькі яны могуць пашкодзіць эканоміку Беларусі і ці зможа Захад адмяніць тыя ці іншыя санкцыі?

Святлана Ціханоўская: Санкцыі накладваюцца на рэжым, бо рэжым знішчае беларусаў. Рэжым уцягнуў Беларусь у вайну супраць братняй Украіны. І пакуль не будуць выкананыя патрабаванні, санкцыі не будуць знятыя. Санкцыі не мы ўводзім. Ёсць рэчы, якія мусяць быць выкананыя – гэта вызваленне ўсіх палітвязняў, вывад расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі, і тады, магчыма, будзе разглядацца зняццё санкцый. Бо пакуль рэжым знішчае беларускі народ, пакуль працягваюцца рэпрэсіі, навошта мы павінны прасіць адмяніць санкцыі? Калі гэта не падабаецца людзям, то людзі ведаюць, хто адказны за гэта. Ці пратэстуйце, ці пытайце ў гэтага чалавека, чаму ён яшчэ там?

РР: Які сцэнар развіцця падзей у Беларусі Вы рэзглядаеце і колькі ўвогуле сцэнароў існуе?

Святлана Ціханоўская: Зараз шмат фактараў, ад якіх гэта можа залежыць. І ход вайны ва Украіне, і як павядзе сябе беларуская армія, у якім стане будзе эканамічная сітуацыя, можа да наменклатуры нарэшце дойдзе, куды наша краіна каціцца з такім чалавекам, які гвалтам захапіў уладу. Але нашая справа – бараніць нашую незалежнасць і падтрымліваць добрае імя Беларусі ў вачах і нашых братоў-украінцаў і на міжнароднай арэне. І калі казаць пра сцэнары, то калі ўсё будзе абрушвацца, то гэта будзе адбывацца вельмі хутка. І мы мусім быць гатовыя да гэтага.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя