Святлана Ціханоўская наведае Фінляндыю, Партугалію і Швейцарыю



Святлана Ціханоўская наведае з рабочым візітам  Фінляндыю, Партугалію і Швейцарыю, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.

Падчас візіту ў Фінляндыю, які пройдзе з 1 па 4 сакавіка, Святлана Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам Фінляндыі Саулі Ніінісцё, прэм’ер-міністрам Саннай Марын і міністрам замежных спраў Пекам Хаавіста.

З 4 па 7 сакавіка адбудзецца візіт Святланы Ціханоўскай у Партугалію, якая з 1 студзеня 2021 года старшынствуе ў Савеце ЕС. За гэты час яна правядзе рабочыя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Партугаліі Антоніу да Коштам, міністрам замежных спраў Партугаліі Аўгуста Сантушам Сільвам, а таксама Жазэ Мануэлем Барозу, які з 23 лістапада 2004 па 1 лістапада 2014 з’яўляўся Старшынём Еўрапейскай камісіі.

Адразу пасля гэтага, з 7 па 10 сакавіка, лідар дэмакратычнай Беларусі наведае Швейцарыю, дзе сустрэнецца з прадстаўнікамі ААН і парламента Швейцарыі.

Мэта кожнай сустрэчы – распавядаць пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, што пратэсты працягваюцца. Падчас кожнага візіту будуць абмяркоўвацца праграмы падтрымкі пацярпелых беларусаў, праваабаронцаў і незалежных медыя.