Святлана Ціханоўская наведае з рабочым візітам Ісландыю



Святлана Ціханоўская 1-4 ліпеня наведае Ісландыю па запрашэнні міністра замежных спраў Ісландыі Гудлаугура Тур Тордарсана, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай. 

Акрамя кіраўніка МЗС, Ціханоўская правядзе сустрэчу з прэм’ер-міністрам Катрын Якабсдоуцір, спікерам Альтынга Стэйнгрымюрам Сігфуссанам і рэктарам Ісландскага ўніверсітэта Йонам Бенедіктсанам.

Ісландцы актыўна падтрымліваюць Беларусь на міжнароднай арэне – Ісландыя стала адной з 17 краін АБСЕ, якія запусцілі «Маскоўскі механізм» па сітуацыі ў Беларусі.

Гэта другі візіт Святланы Ціханоўскай у краіну, якая не ўваходзіць у склад Еўразвяза – першай была Швейцарыя.