Святлана Ціханоўская не адмяніла мітынгі ў Менску 6 і 8 жніўня



Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская не будзе адмаўляцца ад правядзення агітацыйнага мітынгу ў парку Дружбы народаў 6 жніўня, нягледзячы на мерапрыемства, якое ў гэты ж час у парку будзе праводзіць адміністрацыя Савецкага раёна.

3 жніўня стала вядома, што адміністрацыя Савецкага раёна правядзе 6 жніўня ў парку Дружбы народаў святочнае мерапрыемства, прысвечанае Дню чыгуначных войскаў: у парку выступяць ганаровая варта, ваенны аркестр. Там будзе выстава ваеннай тэхнікі, спецыяльныя прызы ад Мінабароны і выступленне Аляксандра Саладухі.

У гэты ж час на гэтай пляцоўцы правесці свой мітынг-канцэрт збіралася кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская.

Прынцып падачы заяўкі ад кандыдата ў прэзідэнты падчас выбарчай кампаніі апавяшчальны: кандыдат проста апавясціла Менгарвыканкам пра дату, час і месца правядзення мітынгу на дазволеных горадам пляцоўках.

Ціханоўская ў дзень рэгістрацыі яе кандыдатам яшчэ 14 ліпеня апавясціла гарадскія ўлады, што 6 і 8 жніўня будзе праводзіць у менскім парку Дружбы народаў агітацыйныя мітынгі.

Беларускае Радыё Рацыя