Святлана Ціханоўская пачынае працоўны візіт у Ісландыю



Святлана Ціханоўская пачынае працоўны візіт у Ісландыю.

Лідарку дэмакратычнай Беларусі асабіста запрасіў міністр замежных спраў гэтай краіны Гудлаўгур Тур Тордарсан. Святлана правядзе сустрэчы і з прэм’ер-міністаркай Ісландыі, спікерам парламента і рэктарам Ісландскага ўніверсітэта. 

Паездку каментуе кіраўнік Кабінета Ціханоўскай Валер Кавалеўскі:

– Ісландыя з самага пачатку была вельмі паслядоўнай. Яна вельмі выразна выступала з асуджэннем і фальсіфікацый, і рэпрэсій, ініцыявала маскоўскі механізм у рамках АБСЕ. Такім чынам спрычынілася да вельмі важных захадаў, да таго, каб дапамагчы беларусаў вырашыць гэты крызіс.

На думку Кавалеўскага, Ісландыя – прыклад таго, як адносна невялікая тэрыторыя з невялікімі рэсурсамі можа быць добра вядомай у свеце і ўплываць на рэгіянальныя ды глабальныя працэсы:

– Кожны такі візіт – гэта і праява салідарнасці, але гэта таксама такі мост у будучае. Там, дзе мы зможам з гэтымі людзьмі вырашаць практычныя пытанні на карысць нацыянальных інтарэсаў Беларусі.

Візіт Святланы Ціханоўскай у Ісландыю будзе доўжыцца 4 дні – да 4 ліпеня ўключна. Гэта другі яе візіт у краіну, што не ўваходзіць у склад Еўразвязу, – першай была Швейцарыя.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя