Святлана Ціханоўская падтрымала ўсіх, хто выйдзе на марш
Святлана Ціханоўская падтрымала ўсіх, хто выйдзе сёння на марш памяці Рамана Бандарэнкі.
«Дарагія беларусы!
Мы не даруем смерці Рамана Бандарэнкі. Мы не даруем смерцяў Дзяніса Кузняцова, Арцёма Порукава, Мікіты Крыўцова, Канстанціна Шышмакова, Аляксандра Будніцкага, Станіслава Чура, Генадзя Шутава, Аляксандра Віхора і Аляксандра Тарайкоўскага. Мы навечна запомнім іх імёны і будзем тыдзень за тыднем выконваць план Народнага Трыбунала, каб жыццям нявінных людзей больш не пагражалі злачынцы.
Ніхто не дапаможа нам вярнуць у краіну закон, калі мы не будзем рабіць гэтага самі. Таму мы перастаем чакаць, што рэжым разваліцца сам. Кожны з нас можа знайсці сваю форму пратэсту – няхай гэта будуць забастоўкі, шматтысячныя маршы, адзіночныя пікеты, эканамічны байкот або збор сведчанняў злачынстваў супраць народа.
Сабраўшы і праверыўшы сведчанні, мы прагаласуем за абвінавачванне памагатых рэжыму – і 20 снежня на вуліцах беларускіх гарадоў аб’явім Народны Трыбунал. Але мы не чакаем 20 снежня, каб пратэставаць. Мы робім гэта кожны дзень і кожны тыдзень. Я падтрымаю кожнага, хто выйдзе на марш сёння. Бо гэта не звычайны марш, гэта марш памяці Рамана Бандарэнкі. Марш не толькі за нашу свабоду, але і за нашы жыцці. І раз нам даводзіцца змагацца за іх усім разам, паклапаціцеся пра сябе і паплечнікаў – не забудзьцеся надзець маску », – гаворыцца ў тэлеграм-канале Ціханоўскай.
Беларускае Радыё Рацыя