Святлана Ціханоўская падвяла вынікі дня 27 лютага



Святлана Ціханоўская падвяла вынікі дня 27 лютага. Нацыянальная лідарка адзначыла паспяховыя атакі “кіберпартызанаў”, руха “Супраціў”, BYPOL і плана “Перамога” ў блакіроўцы чыгуначных шляхоў Беларусі ў напрамку Украіны. Інфармацыйныя каналы працавалі зладжана, як ніколі. Але галоўнае — гэта беларусы, якія перамаглі свой страх і выйшлі на пратэст у Беларусі.

“Гарады гудзелі, а людзі ізноў убачылі адзін аднаго. А Україна ўбачыла нашую падтрымку”, – падкрэсліла Ціханоўская.

– Гэта значыць, што мы зноў адзіная сіла, адзіны рух. Нам нельга змарнаваць гэты момант. Зараз пачынаюцца перамовы расейскай і ўкраінскай дэлегацый. Гэта шанец спыніць вайну паміж Украінай і Расеяй. Але Беларусь і наш суверэнітэт не можа стаць разменнай манетай. Мы павінны быць упэўнены, што голас беларуса будзе пачуты і будзе ўлічаны. І для гэтага нам трэба працягваць пратэст.

Таму Ціханоўская і сябры Аператыўнага штаба дэмакратычных сіл заклікалі беларусаў заўтра, 28 лютага, у 18 гадзін у Менску і іншых беларускіх гарадах выйсці на акцыі супраць вайны на прывакзальныя плошчы.

На жаль, хоць 27 лютага былі затрыманні, але людзі не разыходзіліся з участкаў. Сваю падзяку беларусам за іх мужнасць выказаў Павел Марыніч, заснавальнік платформы “Зубр”:

– Гэта яшчэ раз паказала ўсяму свету, што беларусы не згодныя з гэтым злачынным рэжымам, і, сёння, падчас вайны, беларусы салідарныя з украінскім народам. І гэты рух непрыняцца злачыннай улады – ён існуе.

Сябры Аператыўнага штаба дэмакратычных сіл адзначылі, што фокус іх увагі 27 лютага з тэмы рэферэндума змясціўся. Галоўна тэма — гэта вайна і пратэст беларусаў. А вынікі галасавання ўсё роўна будуць сфальсіфікаваныя.

Беларускае Радыё Рацыя