Святлана Ціханоўская паўдзельнічае ў мерапрыемствах Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку



Святлана Ціханоўская паўдзельнічае ў мерапрыемствах Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку. Пра гэта ў каментары „Позірку” паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.

„Візіт ужо плануецца, робяцца падрыхтоўчыя крокі, — кажа Кавалеўскі. — Летась быў дэбют. Сёлета мы паўторым гэту аперацыю, каб паўдзельнічаць у тыдні высокага ўзроўню Генасамблеі ААН”.

Валерый Кавалеўскі анансаваў удзел Ціханоўскай у „цэлай серыі мерапрыемстваў”: „Гэта будуць і сайд-івенты, і двухбаковыя сустрэчы, і мерапрыемствы экспертнай супольнасці”. Паводле яго слоў, „вядуцца перамовы з рознымі партнёрамі”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі на тыдні высокага ўзроўню Генасамблеі ААН прадставіць дэлегацыя на чале з міністрам замежных спраў Сяргеем Алейнікам.

Святлана Ціханоўская ўпершыню выступіла на мерапрыемствах Генасамблеі ў верасні 2022 года. Рэжым Лукашэнкі тады прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.