Святлана Ціханоўская павіншавала беларускіх вернікаў з Раством



Святлана Ціханоўская павіншавала беларускіх вернікаў з Раством Хрыстовым. 

– Беларускія вернікі адкрыта выказваюць сваю нязгоду са злом, якое творыцца. За гэта іх затрымліваюць, судзяць і адпраўляюць за краты. Але ніхто не павінен пакутаваць за сваю веру.

Сёння куцця – той вечар, калі сем’і вернікаў збіраюцца за адным сталом, каб сустрэць Раство. Гэта дзень, калі вера ў цуды крыху больш, чым звычайна. Адзін маленькі цуд ужо здарыўся: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь і правесці святочную службу ў Менску.

Гэты цуд – вынік заступніцтва беларусаў, якія зразумелі важнасць адзінства. Я хачу павіншаваць з Раством усіх, хто сустракае яго сёння. Хай гэта светлае свята нагадае вам пра сілу надзеі і любові.

Падзяліцеся імі з тымі, каму цяпер гэта асабліва неабходна. Дапамажыце слабым, падзяліцеся з маючымі патрэбу. Напішыце лісты тым, хто знаходзіцца ў турме, каб яны адчулі, што мы – з імі. Гэта і ёсць той маленькі цуд, на які здольны кожны з нас.