Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з 30-й гадавінай незалежнасці Беларусі



Святлана Ціханоўская павіншавала беларусаў з нагоды 30-х угодкаў незалежнасці Беларусі: «Гэты дзень мусіў быць у Беларусі святочным і радасным – але сустракаем мы юбілей Незалежнасці пад пагрозай яе страты, у атмасферы рэпрэсій… У жніўні 2020-га сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі і ўзнялі той самы бел-чырвона-белы сцяг, пад якім абвяшчалася незалежнасць у 1918-м і аднаўлялася ў 1991-м.

І гэтае імкненне да волі, да свабоды ў нашых душах ужо не знішчыць ніякімі рэпрэсіямі. Бо лёс Беларусі залежыць ад таго, наколькі кожны з нас адчуе ўласную адказнасць за сваю краіну.

Тысячы патрыётаў нашай краіны расплаціліся ўласным лёсам за мару бачыць яе незалежнай – у сталінскім ГУЛАГу, у Курапатах, на вулічных пратэстах і зараз у турме. Але для ўсіх нас яны – гэта прыклад змагання за лепшую долю свайго народу. Нам варта памятаць усю нашую гісторыю, каб выпадковыя ва ўладзе людзі не мелі магчымасці яе перапісваць”.

Напрыканцы звароту Ціханоўская заклікае далучыцца да ініцыятыў, якія дапамагаюць пратэсту і беларусам, пісаць лісты палітвязням, берагчы беларускую мову і  нацыянальныя сімвалы.

Нагадаем, 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларусі надаў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону. 

Беларускае Радыё Рацыя