Святлана Ціханоўская пракаментавала вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў
Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала масавыя вобшукі ў кватэрах супрацоўнікаў і ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама праваабарончага цэнтра „Вясна”, якія праводзяцца 16 лютага.
„Яны шукаюць „злачынцаў” сярод тых, хто дапамагае палітвязням і піша пра барацьбу беларусаў за свабоду. Яны шукаюць „злачынцаў” у дамах іх бацькоў. Але ў пошуках злачынцаў ім варта зазірнуць у офісы АМАПа, ГУБАЗіКа і ўсіх адказных за рэпрэсіі”, — заявіла Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.
Паводле яе слоў, гэта і ёсць „сапраўдны дзяржаўны крызіс”, бо дзеля ўтрымання ўлады рэжым рэпрэсуе нават тых, хто абараняе правы людзей. Экс-кандыдат у прэзідэнты дадала, што, пакуль гэта адбываецца, у небяспецы знаходзяцца ўсе беларусы.
„Але беларусы ведаюць, як вырашыць гэты крызіс. Такімі дзеяннямі Лукашэнка сам збірае матэрыялы справы для міжнароднага трыбунала супраць сябе і сваіх набліжаных. І мы ўжо перадалі інфармацыю ў Еўразвяз і Савет ААН па правах чалавека з патрабаваннем прыняць меры”, — сказала Ціханоўская.
Раніцай 16 лютага ў розных гарадах Беларусі пачаліся вобшукі ў журналістаў і праваабаронцаў. Паводле дадзеных „Вясны” і БАЖ, сілавікі прыйшлі дадому да кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, яго намеснікаў Барыса Гарэцкага і Алега Агеева. Вобшукі таксама прайшлі ў кватэры, дзе жыве сын Бастунца Арсеній, у юрыста Крысціны Рыхтэр, у праваабаронцы „Вясны” Андрэя Палуды і ў іншых.
Тэлефоны некаторых праваабаронцаў і валанцёраў недаступныя.