Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Вену
Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская працягвае візіт у Вену.
Ужо адбыліся яе сустрэчы з прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам ван дэр Беленам і міністрам замежных справаў гэтае краіны Аляксандрам Шаленбергам.
Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, яна прапанавала Аўстрыі прыняць захады, каб мясцовыя кампаніі спынілі супрацу з рэжымам Лукашэнкі і падтрымлівалі беларускія кампаніі ў выгнанні. Таксама бакі абмеркавалі падтрымку праваабаронцаў, дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў і распрацоўцы рэформаў для Новай Беларусі. Гаварылі пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі, узмацненне ціску на палітвязняў, паўзучую акупацыю Беларусі Расеяй.
Аўстрыйскі прэзідэнт запэўніў у падтрымцы ягонай краінай дэмакрычнай Беларусі. Ціханоўская прэзентавала яму кнігу “Краіна Беларусь” Уладзіміра Арлова на нямецкай мове. Вядома, што Святлана прыме ўдзел у канферэнцыі „Падсправаздачнасць + правы чалавека”.
Камэнтуе старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка:
– Гэта важны момант, што мы не толькі бярэм удзел у нейкіх палітычных івентах, але ў больш глабальных. Таму што Беларусь губляецца з парадку дня. Бачым, што замежныя лідары вырашаюць адразу шэраг крызісаў – харчовы крызіс, энергетычны крызіс, вайна ва Украіне. І Беларусь адыходзіць на пяты-сёмы план. І з’яўленне Святланы Ціханоўскай вяртае Беларусь у фокус.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Аляксандар Шаленбэрг пацвердзіў Ціханоўскай, што Аўстрыя падтрымае прымяненне 33-га параграфу да рэжыму Лукашэнкі на канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Яна пачынаецца сёння, 6 чэрвеня, у Жэневе. Гэтаксама рашэнне падтрымаюць аўстрыйскія і еўрапейскія прафсаюзы. Прымяненне названага параграфу – «гэта найбольш жорсткія санкцыі, якія МАП можа прыняць», – зазначае Вячорка.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай.