Святлана Ціханоўская прыехала ва Уроцлаў



Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: t.me/tsikhanouskaya

1 і 2 кастрычніка Святлана Ціханоўская знаходзіцца з афіцыйным візітам ва Уроцлаве. У нядзелю яна правяла перамовы з кіраўніком Ніжнесілезскага ваяводства Цэзарым Пжыбыльскім. Запланаваны ўдзел у мітынгу салідарнасці з Украінай і палітвязнямі ў Беларусі, сустрэча з актывістамі беларускай дыяспары Ніжняй Сілезіі.

Таксама яна выступіць на публічнай дыскусіі, куды запрошаныя таксама пазаштатны дарадца Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі, кандыдат у прэзідэнты (2006) Аляксандр Мілінкевіч і спецпрадстаўнік МЗС Польшчы па ўзаемадзеянні з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, былы амбасадар у Беларусі Артур Міхальскі.

Сярод іншых пунктаў праграмы — наведванне спектакля «Жнівень» аб падзеях 2020 года ў Беларусі. Пастаноўка адкрые XI Фестываль незалежнай беларускай культуры ва Уроцлаве.

У другі дзень Ціханоўская сустрэнецца з прэзідэнтам горада Яцэкам Сутрыкам, які ў 2021 і 2022 гадах заняў адпаведна першае і другое месца ў рэйтынгу мэраў, які складае часопіс Newsweek Polska.

Беларускае Радыё Рацыя