Святлана Ціханоўская расказала кангрэсменам ЗША пра справу Аляксея Кудзіна
Святлана Ціханоўская расказала кангрэсменам ЗША гісторыю беларускага байца ММА Аляксея Кудзіна, паведамляе яе прэс-служба.
У Кангрэсе ЗША Ціханоўскую віталі кангрэсмены Грэгары Мікс і Майкл Маккоўл — прадстаўнікі Камітэта па міжнародных адносінах. Яны абмеркавалі, чым ЗША могуць дапамагчы беларусам, а таксама кропкавыя і сектаральныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Ціханоўская падзялілася з імі гісторыяй спартсмена Аляксея Кудзіна, якому пагражае суд па абвінавачанні ў супраціве міліцыянтам падчас пратэстаў 2020-га. Спартсмен прасіў палітычнага прытулку ў Расіі, але быў выдадзены ў Беларусь. «Насуперак рашэнню ЕСПЧ Расія таемна выдала рэжыму Аляксея Кудзіна, якога дома чакае жонка і пяцёра дзяцей. Хоць менавіта ўчора яго павінны былі выпусціць на волю пасля заканчэння максімальна дапушчальнага 6-месячнага тэрміну ўтрымання пад вартай», — распавяла Ціханоўская.
Яна падкрэсліла, што Кудзін не заслужыў ні крымінальнага пераследу, ні экстрадыцыі. «Як і тысячы без віны затрыманых людзей, ён павінен выйсці на волю», — канстатавала Ціханоўская.